Айненская воласць

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Гайненскае староства)
Jump to navigation Jump to search

Айненская (Гайненская) воласць — тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка ВКЛ у XIV — пач. XV ст. Цэнтр воласці — двор Айна (цяпер в. Гайна Лагойскага раёна).

Напэўна, была адной з прынамсі трох валасцей колішняга Лагойскага княства. Воласць займала заходнюю частку цяперашняга Лагойскага раёна, да левабярэжжа Дзвіносы і Віліі на поўначы. Да 1387 года даходы ад пэўнай часткі Лагойскага княства, верагодна, у т.л. і Айненскай воласці, трымалі Войшвіл і Рыт, а таксама лагойскі праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы. У 1387 годзе Лагойскае княства цалкам, апроч долі манастыра, было перададзена Ягайлам свайму брату Скіргайлу, фактычна свайму намесніку ў ВКЛ.

У 1392 годзе Ягайла перадаў уладу ў ВКЛ Вітаўту, а Скіргайла узамен атрымаў Кіеўскае княства. Такім чынам Лагойскае княства перайшло ў лік непасрэдных вялікакняжацкіх уладанняў. Напэўна, тады ж Вітаўт прызначыў сваіх намеснікаў у асобныя воласці Лагойскага княства — Лагойскую, Айненскую і Харэцкую. Тады ж пачалося вылучэння са складу названых валасцей асобных маёнткаў, так у 1395 годзе са складу Айненскай воласці было вылучана сяло Корань з падданымі і падорана Віленскаму капітулу. У 1397 годзе Вітаўт запісаў дзесяціну з самой Айны на карысць касцёла Св. Станіслава ў Вільні. Пры Вітаўце ў Айне фундаваны касцёл, якому са складу Айненскай воласці запісана сяло Кацалі. Недзе ў 1420-я гады Вітаўт перадаў асноўную частку Айненскай воласці свайму траюраднаму брату — Андрэю Уладзіміравічу, яму ж была дадзена і асноўная частка Лагожскай і пэўныя сёлы Харэцкай воласці. Такім чынам, Андрэй Уладзіміравіч трымаў рэшткі колішняга Лагойскага княства, бо Харэцкую воласць амаль цалкам атрымаў Войцех Манівід.

Пасля смерці Андрэя Уладзіміравіча і яго сына Глеба, вялікі князь Казімір дазволіў дачцэ Андрэя — Аўдоцці, і яе мужу пану Івану Рагацінскаму, трымаць толькі Айненскую воласць, а Лагойская з рэшткамі Харэцкай былі дадзены князю Аляксандру Чартарыйскаму. Такім чынам Айненская воласць адасобілася ад абшару колішняга Лагойскага княства, пазней яе трымала дачка Аўдоцці — Фядора Рагацінская, яна не мела дзяцей і пасля смерці ў 1512 годзе яе маёнткі, у т.л. Айненская воласць як вымарачныя адышлі да вялікага князя.

З 1512 года вялікі князь зноў пачаў прызначаць у Айненскую воласць (або «дзяржаву») сваіх намеснікаў-«дзяржаўцаў», звычайна, з ліку мясцовых паноў і баяраў, якія часта даводзіліся адзін другому сваякамі. Першым вядомым айненскім дзяржаўцам у 1516—1524 гадах згадваецца мясцовы баярын Яцка Іванавіч Ратомскі, з 1525 года айненскім намеснікам быў пан Васіль Багданавіч Чыж, з 1538 — пан Мікіта Андрэевіч, з 1541 — князь Іван Васільевіч Саламярэцкі, з 1552 — брат папярэдняга, Багдан Васілевіч Саламярэцкі, з 1563 — Васіль Цішкевіч, уладальнік суседняга Лагойска.

На пачатку XVI ст. Айненская воласць-«дзяржава» ахоплівала, верагодна, абшар ад мяжы маёнтка Беларуч на поўдні да правабярэжжа Дзвіносы і Віліі на поўначы. Паступова, аднак, воласць распалася на маёнткі баяр, якія раней былі г.зв. «панцырнымі баярамі» — васаламі ўладальнікаў Айненскай воласці, трымалі ад іх надзелы («службы») і за карыстанне імі з уласным узбраеннем павінны былі ў вайну фарміраваць асобнае падраздзяленне — «пошт» уладальніка воласці. Калі з 1512 года гаспадаром воласці стаў вялікі князь, становішча баяр палепшылася — з княжацкіх (прыватнаўласніцкіх) яны сталі гаспадарскімі (дзяржаўнымі) і такім чынам атрымалі агульныя шляхецкія правы, у т.л. на свае маёнткі. Таксама са складу воласці ў гэты час даваліся маёнткі і іншым баярам.

Паводле «Попісу» 1528 года да Айненскага двара адносіліся 12 дзяржаўных баяр. Паны і ўраднікі, якія мелі маёнткі ў Айненскай воласці, у адрозненне ад служылай шляхты, у «Попіс» 1528 года выстаўлялі свае «пошты» не пад харугвай Айненскага двара, а ў асобным пераліку, разам з усіх сваіх маёнткаў у розных краях дзяржавы. Таму цяжка вызначыць якую колькасць «службаў» мела тым часам Айненская воласць.

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1566 года Айненская воласць трапіла ў Менскі павет.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мінск, 2003.