Галоўная сінагога (Глыбокае)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Галоўная сінагога
Сінагога ў 1916 годзе
Сінагога ў 1916 годзе
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія іўдаізм
Дата заснавання 1742
Дата скасавання 1941

Галоўная сінагога — колішняя сінагога ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Размяшчалася па Докшыцкай (Савецкай) вуліцы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У мястэчку ў 1766 г. пражывала 755 яўрэяў. У канцы XIX ст. тут налічвалася 6 сінагог. Будаўніцтва Галоўнай сінагогі, як і звычайна для мястэчка, мела даўнюю гісторыю. У 1742 г. віленскі біскуп М. Зяньковіч выдае мясцовай яўрэйскай абшчыне дазвол на будаўніцтва сінагогі на месцы знішчанай пажарам з умоваю, каб апошняя не была падобнай на касцёл (без вежаў, з невысокім дахам). Вядома, што збудаваная паводле гэтага дазволу сінагога неаднаразова перабудоўвалася і аднаўлялася.

Адносілася да даволі рэдкага пераходнага тыпу сінагог драўляна-мураванай канструкцыі. Як правіла, такімі былі тыя, што ўключалі мураваныя рэшткі папярэдняга будынку. Калі дапусціць меркаванне, што пры будаўніцтве былі выкарыстаны рэшткі мураванай сінагогі XVIII ст., то ўсё роўна трэба прызнаць, што апошнія даволі гарманічна ўвайшлі ў архітэктуру новага будынку.

Сінагога знішчана ў гады Другой сусветнай вайны.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчалася ў шэрагу вулічнай забудовы, на схіле рэльефу. Мураваным быў першы паверх. Прычым муры былі выкананы ў характэрным для XVIIXVIII ст. стылі: з шырокімі вуглавымі і прасценачнымі пілястрамі, вокнамі ў глыбокіх нішах, высокім арачным праёмам дзвярэй. Карніз з боку вуліцы пераходзіў у шырокі застрэшак, нібыта падводзячы рысы на мяжы мураванай і драўлянай частак будынка. Драўляны ярус сінагогі складаў прыкладна адну трэць усёй вышыні сцен (драўлянай і мураванай частак сумарна), выкананы быў з брусоў, злучаных у чысты (нямецкі) вугал, без астатку і налічваў усяго восем вянкоў. 3 боку вуліцы ў ім мелася тры звычайных памераў акны. Галоўнае ўражанне ў збудаванні ствараў высокі, стромкі двух’ярусны дах. Верхні ярус, які складаў прыкладна трэць агульнай вышыні даху, меў карнізны паясок, у ніжнім ярусе меліся слыхавыя вокны. Кантраст выбеленай тынкоўкі і пацямнелай драўніны стваралі своеасаблівы каларыт, а карнізы сцен дахаў, а таксама пілястры надавалі формам будынка выразную рытмічнасць. Перад галоўным уваходам мелася драўляная агароджа з дошак і брамка паміж мураванымі, пабеленымі вушакамі. На здымку 1920-х гг. бачна таксама прыбудаванае з левага боку памяшканне з дошак, над аднасхільным дахам, абаграваемае печкай, пра што сведчыць цагляны комін.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]