Глыбокае
Горад
Глыбокае
| ||||||||||||||||||||||||||
Глыбо́кае[2] (афіц. транс.: Hlybokaje) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Глыбоцкага раёна. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Варапаева. За 200 км ад Віцебска, на аўтамабільнай дарозе Полацк—Вільнюс (Літва). У межах горада возера Кагальнае і возера Вялікае, з якога выцякае рака Бярозаўка. Насельніцтва 19 038 чал. (2017)[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Полацкае Княства[правіць | правіць зыходнік]
Тэрыторыя цэнтральнай часткі сучаснага горада Глыбокага (паўночны, паўночна-заходні і заходні берагі возера Кагальнае) была заселеная ў часы Полацкага княства, пра што сведчаць знаходкі керамікі XI-XIII стагоддзяў. Пазней паселішча перапыніла сваё існаванне - кераміка XIV-XV стагоддзяў на тэрыторыі горада адсутнічае[3].
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1514 г. як двор, цэнтр маёнтка Зяновічаў. Паводле афіцыйнай версіі, першая згадка пра Глыбокае - 1414 год, аднак гэтая дата трапіла ў гістарычныя працы ў выніку памылкі даследчыка Ежы Ахманьскага, якую ён дапусціў пры напісанні анатацыі да аднаго з прывілеяў Вітаўта[4].
Двор Зяновічаў знаходзіўся каля возера Кагальнае, якое ў той час называлася Глыбокае. Назва возера дала назву населенаму пункту[5]. У 1514 годзе згадваецца "торг" у Глыбокім, што сведчыць пра тое, што населены пункт быў асяродкам гандлю[6]. У 1582 годзе ўпершыню ўзгадваюцца глыбоцкія мяшчане, што безумоўна сведчыць пра местачковы характар населенага пункта[7].
Яго заходняя частка, якая належала Зяновічам, уваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства. Усходняя частка была ва ўласнасці Корсакаў і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У абедзвюх частках былі гандлёвыя плошчы. У паўночна-ўсходняй частцы пачыналіся шляхі на Полацк, Дзісну і мястэчка Беразвечча (цяпер у межах горада). Належала да Корсакаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў.
У першай палове XVII стагоддзя ўсходняя частка Глыбокага належала Іосіфу Корсаку[8]. У 1638 годзе ён напісаў тэстамэнт, згодна з якім яго маёнткі Беразвечча (3 км на Пн ад Глыбокага) і Вярбілава павінны быць аддадзены ордэну базыльянаў з умовай, што базыльяне павінны заснаваць у Беразвеччы кляштар і царкву[9]. У 1639 годзе Корсак аддае мястэчка Глыбокае і астатнія маёнткі (Ластавічы, Свіла, Перадолы, Вольберавічы, Гняздзілава) рыма-каталіцкаму ордэну кармелітаў босых, абавязваючы пабудаваць касцёл і кляштар[10]. У 1642 годзе Корсак фундуе парафіяльны касцёл у мястэчку Глыбокае. 16 красавіка 1643 года Корсак памірае, і ўся ягоная маёмасць пераходзіць духавенству.
Паводле гарадскіх інвентароў, у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля дзесяці чалавек). Брацтва св. Тройцы, якое аб'ядноўвала мядзведнікаў, мела свой алтар у царкве ў царкве св. Тройцы. Можна меркаваць, што Глыбокае мела сваю "Мядзведжую акадэмію" і што паміж імі існавала сувязь. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам -- спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам.[11]
У складзе Расійскай Імперыі[правіць | правіць зыходнік]
Ад 1793 у складзе Расіі, мястэчка Дзісенскага павета. Падчас вайны 1812 года ў горадзе спыняўся Напалеон.
Напалеон у Глыбокім[правіць | правіць зыходнік]
У 1812 годзе шлях імператара Францыі Напалеона Банапарта з Вільні на Маскву праходзіў цераз Глыбокае. Побыт Напалеона ў Глыбокім апісвае гісторык Отан Гедэман, аўтар кнігі «Глыбокае», якая была надрукавана ў 1935 і перавыдадзена ў 2012 годзе. Паводле Отана Гедэмана, імператар прыбыў ў Глыбокае раніцай 18 ліпеня і затрымаўся ў кляштары кармелітаў босых на некалькі дзён, паводле меркаванняў іншых гісторыкаў Напалеон Банапарт прабыў у Глыбокім ад трох да дзесяці дзён[12].
Гістарычныя факты[правіць | правіць зыходнік]
У працы «Глыбокае» гаворыцца, што менавіта ў Глыбокім Напалеон выдаў загад «Адозвы генеральнай канфедэрацыі да палякаў»(18 ліпеня 1812 года), прызначаны для палякаў, якія знаходзяцца на расійскай дзяржаўнай службе, і загад супраць марадзёраў і рабаўніцтва (20 ліпеня 1812 года).
Згодна з распараджэннем Напалеона, у Глыбокім з'явіўся харчовы склад, загад пра гэта быў падпісаны маршалкам Алоізам Буйніцкім. Парафіяльны касцёл быў пашкоджаны з-за доўгага ўтрымання войскаў, бо быў ператвораны на склад правіянту, а таксама былі забраныя касцельныя рэчы[13].
Паданні[правіць | правіць зыходнік]
Існуе шмат легенд, звязаных са знаходжаннем Напалеона ў Глыбокім у 1812 годзе. Гэтыя легенды таксама прыводзяцца ў кнізе «Глыбокае» гісторыка Отана Гедэмана. Адна з легендаў жадае вызначыць знаходжанне займаных імператарам пакояў менавіта ў ацалелым блоку (дзе зараз месціцца староства — пакоі на другім паверсе № 8 і 9), абапіраючыся на наступны тэкст Сегура: «la Courlande nurria Macdonald, la Samogitie Oudinot; les plaines fertiles de Klubakoje (то бок — Глыбокае) — l‘Impereur». Гэтая версія тлумачыць, што «les plaines fertiles de Klubakoje», то бок урадлівыя раўніны Глыбокага, імператар мог бачыць толькі з акон на другім паверсе існуючага крыла (разбураныя два крылы былі павернутыя ў бок горада) — значыць, ён там жыў. Аднак не вынікае гэта наўпрост з тэксту Сегура, які меў на думцы толькі магчымасці забеспячэння арміі харчамі з урадлівых раўнін Курляндыі, Жмудзі і Глыбокага, г.зн. Белай Русі.
Таксама, паводле легенды, паміж імператарам і прыёрам завязаўся наступны дыялог. Напалеон: «Якой велічыні кляштарная ўласнасць?» Прыёр: «1000 дамоў». Напалеон: «Гэтага замнога! А чым займаецеся?» Прыёр: «Молімся». Напалеон: «Гэтага замала!» Аднак, удзячны за гасціннасць, злажыў прыёру на ад'езд «поўнае блюда» напалеондораў. Імператар нават выказаў шкадаванне, што не можа забраць у Парыж касцёл кармелітаў, каб яго там паставіць побач з саборам Нотр Дам.
У 1897 годзе да Глыбокага пакладзена вузкакалейная чыгунка ад станцыі Свянцяны (цяпер - Швёнчэнеляй у Літве) да станцыі Беразвеч на поўдзень ад мястэчка Глыбокае. У жніўні 1915 года, падчас набліжэння фронту, чыгунка была падоўжана да станцыі Сеславіна (Крулеўшчына).
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
Са жніўня 1919 года да 17 верасня 1939 года Глыбокае знаходзілася ў складзе Польшчы. 6 лістапада 1919 года быў утвораны Дзісненскі павет, сядзіба ўладаў якога знаходзілася ў Глыбокім. У 1921 годзе Глыбокаму быў нададзены статус горада і ўтвораныя органы гарадскога самакіравання. Увесь міжваенны перыяд горад хутка разрастаўся і развіваўся дзякуючы адміністрацыйнаму і геаграфічнаму становішчу. У міжваенны час у прадмесці Беразвечча размяшчаўся штаб палка Корпуса аховы памежжа «Глыбокае».
17 верасня 1939 года Глыбокае было занята Чырвонай Арміяй і ўвайшло ў склад БССР. У 1940 годзе быў утвораны Глыбоцкі раён.
З красавіка да мая 1943 года ў горадзе размяшчалася галоўная каманда «Цэпяліна» «Расія—Цэнтр» (ням.: SS-Hauptkommando Russland—Mitte Unternehmen Zeppelin) і разведшкола з Яблані[14][15]
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 зацверджаны сучасны герб горада.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- XX стагоддзе: 1959 — 7,3 тыс. чал.; 1970 — 11,9 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2009 — 19,5 тыс. чал.; 2016 — 18 921 чал.[16]; 2017 — 19 038 чал.[1]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Буйнейшыя прадпрыемствы:
- Глыбоцкая птушкафабрыка, ААТ
- Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, ААТ
- Глыбоцкі доследны лясгас, ДЛГУ
- Глыбоцкі кансервавы завод, ААТ
- Глыбоцкі мясакамбінат, ААТ
- Глыбоцкі хлебазавод, філіял РУПП «Віцебскхлебпрам»
Гасцініца. Дом паляўнічага. Глыбокае — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.
З пачатку 20 ст. Глыбокае — цэнтр ганчарнага промыслу, так званай глыбоцкай керамікі.
Культура[правіць | правіць зыходнік]
- Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
- Цэнтральная раённая бібліятэка Глыбокага
- Глыбоцкі дом рамёстваў
- Дударскі рэй
- Вішнёвы фэст
СМІ[правіць | правіць зыходнік]
- Газета «Вольнае Глыбокае». Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб'яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Веснік Глыбоччыны». Орган мясцовых улад.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Глыбоцкі замак
- Глыбоцкі дэндрарый — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
- Троіцкі касцёл (1764—1782, 1902—1908), пл.17 Верасня —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000366
- Комплекс былога кляштара кармелітаў: царква Раства Багародзіцы, уваходныя дзверы і дэкаратыўная галерэя па перыметру царквы, будынак кляштара, агароджа з брамай (XVII—XVIII стагоддзі, сярэдзіна ХІХ стагоддзя), пл.17 Верасня —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000365
- Жылы будынак былога манастыра базыльян (1756—1763), на беразе воз. Вялікае —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000363
- Ільінская капліца (канец XVIII стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000364
- Мемарыяльная калона ў памяць пра Канстытуцыю 3 мая 1791 г. (кан. XVIII ст.)
- Сядзіба Вітгенштэйнаў (кан. XIX—пач. XX стст.)
- Забудова вул. Леніна (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя), вул. Леніна, 5, 13, 38, 40 —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000367
- Забудова вул. Маскоўскай (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя), вул. Маскоўская, 2, 3, 4 —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000369
- Будынак (1931), вул. Энгельса, 24. Цяпер Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр
- Брацкая магіла (1944), вул. Леніна, парк Перамогі —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000368
- Яўрэйскія могілкі
- Польскія вайсковыя могілкі (1920-я гг.)
- Магіла Ф. Мюнхгаўзена (1878)
- Помнік Ф. Дзяржынскаму
- Самалёт-помнік авіяканструктару П. Сухому
- Скульптура «Ісус і самаранка» (2014)
- Дзед-глыбачанін
- Помнік барону Мюнхаўзену (2014)
- Мемарыяльны комплекс «Барок»
У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства было ўсталявана 8 бронзавых бюстаў знакамітым беларусам Язэпу Корсаку, Элізэру Бэн-Іегуду (Дэвід Перэльман), Язэпу Драздовічу, Ігнату Буйніцкаму, Алесю Дубровічу, Пятру Казлову, Паўлу Сухому, Вацлаву Ластоўскаму[17].
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- T. Даленга-Мастовіч (1898—1939), польскі пісьменнік, аўтар «Знахара»
- Фёдар Мікалаевіч Дамінікоўскі, беларускі гісторык
- Язэп Драздовіч (1888—1954), беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу [18][19].
- К. С. Душэўскі (1891—1959), беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог
- Сямён Навумавіч Леках, беларускі вучоны ў галіне металургіі
- сястра Тадэа Касцюшка (1868—1946), манахіня непакалянка, узнагароджана сярэбраным крыжам заслугі, заклала ў Глыбокім школу, пабудавала кляштар
- Павел Восіпавіч Сухі (1895—1975), савецкі авіяканструктар, двойчы Герой Працы
- Аляксандр Францавіч Хайноўскі, беларускі дыпламат
- Марына Іванаўна Шкерманкова, беларуская цяжкаатлетка
- Мікалай Мінскі, паэт, драматург, перакладчык
- Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі, пісьменнік.
- Юрый Барысавіч Багушэвіч, мастак
- Дзмітрый Літвінскі, мастак
- Барыс Міхайлавіч Волін, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч РСФСР і УССР, публіцыст, гісторык
- Сямён Іофе (сапраўднае імя — Сімон-Залман Шмуйловіч), партыйны дзеяч СССР
- Віктар Антонавіч Ламака (1910 —2001), заслужаны лесавод, заснавальнік глыбоцкага дэндрарыя
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,0 1,1 1,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Клімаў Марат. Археалагічныя назіранні ў г. Глыбокаe//Westki.info, старонка захавана 04.01.2008.
- ↑ Шыталь Кастусь. Узгадка пра Глыбокае ў 1414 годзе аказалася памылкай гісторыка.
- ↑ Hedemann Otton. Głębokie. Szkic dziejów. Wilno, 1935. S. 9
- ↑ "Росийская Историческая Библиотека". Т. ХХ, с. 190.
- ↑ Hedemann Otton. Głębokie... S. 11
- ↑ Korsak Józef Głębocki // Polski Sіownik Biograficzny. Tom XIV. Wroclaw-Warszawa-Krakow, 1968-1969. S. 108.
- ↑ Lorentz Stanisław. Z materiałów do historii architektury na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego//Prace i Materiały Sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki Tow. Przyjaciół Nauk w Wilnie, 1938/39. T. 3. ss. 335-348.
- ↑ Wanat J. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605–1975. ss. 458-459.
- ↑ http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/289-glybotskiya-dudary-myadzvedniki
- ↑ «Два Глыбокіх, дзве цэнтральныя плошчы, два замкі» 03.03.2013 Улaдзімір Скрабатун
- ↑ «Роўна дзвесце год таму ў Глыбокае ўвайшоў Напалеон» 18.07.2012 Кастусь Шыталь
- ↑ Залесский, К. РСХА: Главное управление имперской безопасности / Константин Залесский. — М.: Яуза, ЭКСМО, 2004. — 382, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 241. — (Тайны III рейха). — ISBN 5-699-06223-8.
- ↑ Чуев, С. Г. Спецслужбы Третьего Рейха: [В 2 кн.] / Сергей Геннадьевич Чуев. — СПб.: Нева, 2003. — 443, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 154. — (Досье. Спецслужбы мира). — ISBN 5-7654-2831-2.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Аб выніках конкурсу на стварэнне эскізных праектаў помніка вялікаму князю Міндоўгу
- ↑ «Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне» («Рэгіянальная газета»)
- ↑ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва» («Рэгіянальная газета»)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гедэман О. Глыбокае: гістарычны нарыс / Отан Гедэман; перакл. з польск. М. Гіля. — Паставы; Глыбокае: [б. в.], 2012. — 59, [1] с. : іл.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Глыбокае
Геаграфічныя звесткі па тэме Глыбокае на OpenStreetMap
- Глыбокае на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Прыдзвінскі край — Горад Глыбокае
- Глыбокае — westki.info
- Глыбокае — radzima.org
- Надвор'е ў горадзе Глыбокае