Ганверывал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ганверыва́л, таксама Ганверыва́ла (урду: ننویريوالا, панджаб.: ننیریوال) — помнік археалогіі на месцы старажытнага горада Індскай цывілізацыі. Знаходзіцца на ўсходзе Пакістана, не далёка ад мяжы з Індыяй. Прыкладная плошча — каля 81,5 га.

Ганверывал быў адкрыты і вылучаны як патэнцыйна перспектыўнае месца для далейшага вывучэння ў 1941 г. венгерскім даследчыкам Маркам Аўрэлем Стэйнам. У 19721976 гг. былі арганізаваны раскопкі пакістанскім археолагам Махамадам Рафікам Мугхалам. Яны паказалі, што паселішча на месцы Ганверывала ўзнікла ў 4 тысячагоддзі да н. э. У сталы перыяд Індскай цывілізацыі ператварылася ў буйны горад, што знаходзіўся на прыкладна аднолькавай дыстанцыі ад Махенджа-Дара і Харапы. Па плошчы ён перавышаў Харапу і быў параўнальны з Махенджа-Дара. У 2 тысячагоддзі да н. э. адбыўся заняпад. Паселішча існавала да эпохі сярэднявечча, але ўжо ніколі не дасягала ўзроўню бронзавага веку.

Сярод важных знаходак трэба вылучыць тэракотавыя таблеткі з выявамі і піктаграмамі. Ганверывал патрабуе далейшых даследаванняў, якія могуць больш расказаць пра яго мінулае і ролю ў жыцці Індскай цывілізацыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]