Перайсці да зместу

Гарбуз звычайны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарбуз звычайны

Агульны выгляд квітнеючай расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cucurbita pepo L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  22373
NCBI  3663
EOL  584410
GRIN  t:12606
IPNI  292416-1
TPL  kew-2747186

Гарбуз звычайны[3][4], Гарбуз[5][6][7], таксама Гарбуз цвердакоры[8] (Cucurbita pepo) — аднагадовая травяністая расліна сямейства Гарбузовыя (Cucurbitaceae), бахчавая культура.

Аднагадовая расліна з галінастым ляжачым сцяблом даўжынёй да 5 м і буйным апушаным лісцем, аднадомная, раздзельнаполая, перакрыжава-наапыляльная. Утварае моцную каранёвую сістэму, асноўная маса якой размешчана на глыбіні 30—40 см ад паверхні глебы. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае, з востраканцовымі лопасцевымі долямі, цёмна-зялёнае, з грубым шыпападобным апушэннем. Кветкі раэдзельнаполыя, адзіночныя, жоўта-аранжавыя, пялёсткі прамыя, завостраныя. Апыляецца насякомымі. Меданос.

Плады — гарбузіны

Плод — шматнасенная (несапраўдная) ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Утрымлівае шмат жалезаўтваральных пекцінавых рэчываў, 3—11 % цукроў, 6—8 % сухіх і 0,3—1 % азоцістых рэчываў, 0,05 % кіслот, 0,7—1,2 % клятчаткі. У пладах лепшых сартоў ад 16 да 50 мг% вітаміну А (караціну), солі калію, кальцыю, магнію, мікраэлементы. Насенне багатае алеем і бялкамі.

Плады вараць, пякуць, з гарбуза гатуюць кашы (гл. гарбузянка), супы-пюрэ, марынады, сіропы, варэнне, цукаты, пякуць аладкі і г.д. Насенне — ласунак, утрымлівае да 40 % алею, да 28 % бялку. Яго выкарыстоўваюць і як лекавую сыравіну — парашок, эмульсія, адвар і кашка з яго ўжываюцца як глістагонныя прэпараты; яно ўваходзіць у склад прэпаратаў для лячэння нырак і мачавога пузыра. Мякаць гарбуза паляпшае работу страўнікава-кішачнага тракту, водны і салявы абмен, спрыяе жоўцевыдзяленню.

Вырошчваецца гарбуз насеннем або расадай. Вільгацялюбны, патрабавальны да святла і цяпла. Аптымальная тэмпература для росту і развіцця яго 28—30 °C, ён пераносіць спёку да 40 °C, але замаразкі для яго згубныя, таму насенне высяваюць або расаду высаджваюць, калі ўсталюецца цёплае надвор’е і верхні слой глебы прагрэецца да 12—13 °C. Папярэднікі гарбуза: капуста, памідоры, бульба, бабовыя, караняплоды. Лепш расце на цёплых супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, запраўленых гноем або кампостам. На прысядзібных участках гарбуз вырошчваюць з паўднёвага боку сцяны або плоту, каля кампоставых куч.

Насенне загортваюць у ямкі на адлегласці 80—100 см адна ад адной. Глеба вакол раслін павінна быць рыхлая і чыстая ад пустазелля. Пры ўтварэнні 3—4-га сапраўднага ліста галоўную плець прышчыпваюць, каб выклікаць плоданашэнне на бакавых плецях. 3 пачатку цвіцення расліны кожныя два тыдні падкормліваюць, лепш чаргаваць падкормкі мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Для больш ранняга і поўнага выспявання пладоў на адной расліне пакідаюць не больш як 3—4 плады. Верхавінкі плецяў з пладамі абразаюць так, каб над завяззю засталіся 2—3 лісты. Усе бясплодныя плеці сістэматычна выразаюць. Плеці і парасткі, што застаюцца, прышпільваюць да зямлі і прысыпаюць глебай, каб укараніліся.

Плады ў фазе поўнай спеласці ўбіраюць увосень, ва ўмеранай паласе перад замаразкамі. Іх зразаюць разам з пладаножкамі. Абламаныя пладаножкі і пашкоджаная скурка выклікаюць загніванне. Захоўваюць плады ў памяшканнях, аптымальная тэмпература 8—10 °C пры адноснай вільготнасці паветра 80—85 %. У гэтых умовах гарбуз можа праляжаць да новага ўраджаю. У працэсе захоўвання ў пладах змяншаецца колькасць сухіх рэчываў за кошт страты вугляводаў. На працягу першых 3-4 месяцаў адбываецца гідроліз крухмалу, што вядзе да павышэння цукру. У той жа час адбываецца біясінтэз караціноідаў. Потым крухмал цалкам гідралізуецца, зніжаецца колькасць караціну, мінеральных рэчываў.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 43. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Назва Гарбуз звычайны згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  6. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  8. Напісанне Гарбуз звычайны, Гарбуз цвердакоры ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.5. Мн., 1997, С.55
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.