Перайсці да зместу

Генадзь Фёдаравіч Шутаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генадзь Фёдаравіч Шутаў
Дата нараджэння 18 ліпеня 1939(1939-07-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 чэрвеня 2017(2017-06-03) (77 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці акварэліст, графік
Месца працы
Жанр нацюрморт і пейзаж
Вучоба
Член у
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Генадзь Фёдаравіч Шутаў (18 ліпеня 1939, Запарожжа, Украіна — 3 чэрвеня 2017, Віцебск) — беларускі акварэліст, графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996).

Скончыў у 1959 годзе Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча, у 1970 годзе — Маскоўскі паліграфічны інстытут. У 1976—1986 гадах старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1967 года.

Працаваў пераважна ў акварэлі, аддаючы перавагу нацюрмортам і краявідам. Раннія творы па характары рамантычныя, зарыентаваныя на натурна-канкрэтныя прыёмы акварэльнага пісьма: «Восень у вёсцы» (1956), «Хутка вясна» (1962), «Палявыя кветкі» (1963), «Цішыня» (1964), «Блакітнае змярканне» (1965), «Ветраны дзень» (1966), «Стары Віцебск» (1967), «Браслаўскія прасторы» (1968), «Вясна ў старым горадзе» (1969), «Клайпеда» (1970), «Каля сцен Старой Ладагі» (1971), «Змярканне» (1974); серыі «Беларускі нацюрморт» (1970), «Віцебск» (1972), «Шклозавод „Нёман“» (1973), «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод» (1972-75), «Мой горад» (1972-75), «Зямля беларуская» (1977), «Новабудоўлі Беларусі» (1978).

У канцы 1970-х вызначыліся іншыя мастацкія прыярытэты і своеасаблівая аўтарская манера жывапісу. Сярод асноўных работ: нацюрморты «Нацюрморт з вэнджанай рыбай» (1983), «Піжма» (1984), «Сланечнікі ў чорным збане» (1988), «Люпін і шкло» (1989), «Рыбы і ракавіны» (1991), «Зялёная лямпа» (1993), «Дзьмухаўцы» (1993), «Настурцыя ў гранёнай шклянцы» (1993), «Празрысты нацюрморт» (1994), «Сем лямпаў» (1994), «Гарлачыкі з возера Дашкава» (1995), «Маятнік» (1995), «На краі вечнасці» (1995), «Непатрэбныя ключы» (1998), «Забаўны букет» (2000), «Матулі прысвячаецца» (2000), «Праламленні. Паўлу Філонаву прысвячаецца» (трыпціх, 2001), «Згаслая лямпа Шагала» (2002), «Рэквіем цэрквам ХХ стагоддзя, што загінулі» (2006), «Размова з часам» (трыпціх, 2007); пейзажныя кампазіцыі «Пінск. Францысканскі касцёл» (1986), «Віцебск. Ратуша» (1991), «Глыбокае. Траецкі касцёл» (1992), «Сілуэт Шчэцына» (1992), «Віцебск 100 гадоў таму» (1995), «Выцягнутыя маўчаннем» (1996-97), серыі «Зялёна Гура» (1981), «Брэсцкая крэпасць» (1981), «Сілуэты Кіева» (1981), «Помнікі архітэктуры Віцебшчыны» (1986-87), «Дары зямлі беларускай» (1985-86), «Матэрыя мастацтваў» (1999), «Віцебскія дваркі» (2003) і інш.

Акварэльным кампазіцыям уласцівыя філасафічнасць і сімвалічная знакавасць, канцэптуальнасць, спецыфічныя трансфармацыі прасторы і часу, маляўнічая і пластычная вытанчанасць формаў, рытмічная раўнавага, аўтарская стылістыка мастацкай мовы.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996).

  • Цыбульский, М. Л. Шутов Геннадий Федорович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 2. — С. 619.
  • Шутаў Генадзь Фёдаравіч // Беларускі саюз мастакоў : 1938—1998 : энцыкл. даведнік / аўт.-склад. Б. А. Крэпак [і інш.]. — Мінск : ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — С. 623. — На беларус. і англ. мовах.