Цела даўжынёй 2,5—3,5 мм, цёмна-шэрае або бурае. Падобная да камара. Галава вузейшая за грудзі, брушка цыліндрычнае або канічнае. Вочы фасетачныя. Ногі тонкія. Жылкаванне крылаў спрошчанае.
Пашырана ў Еўразіі (у т.л. у Еўропе акрамя Крайняй Поўначы, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Закаўказзі) і Паўночнай Амерыцы. На Беларусі абмежаваныя ачагі пашырэння адзначаны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Лёт у красавіку—маі.
Жыве да 20 сутак. Дарослая не корміцца. Яйцы (50—500) адкладвае на верхнім баку ліста злакавых. Дае 2 пакаленні за год. Лічынкі верацёнападобныя, малочна-белыя, даўжынёй да 4 мм, ротавыя органы ў іх сысучыя. Зімуюць лічынкі ў несапрадных коканах.
Пісаненка А. Дз.Гесенская муха//Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983.—522 с.— 10 000 экз.