Гладыёлус (Gladiolus) — род шматгадовых раслін сямейства Iridaceae.
Сцябло прамастойнае, вышыня 25-220 см. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Суквецце — колас, адно- або двухбаковы. Кветка варонкападобная, з шасцю неаднолькавымі долямі калякветніка, разнастайнай афарбоўкі (белай, жоўтай, аранжавай, вогненна-чырвонай, бэзавай і фіялетава-сіняй). Вядома каля 200 відаў гладыёлуса, якія растуць у Паўднёвай і Паўночнай Афрыцы, Еўропе і Азіі.
У дэкаратыўным кветаводстве распаўсюджаныя гатункі гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus), якія адрозніваюцца працягласцю цвіцення, буйнымі памерамі суквеццяў (да 1 м) і кветак (да 14 см у дыяметры), разнастайнасцю іх афарбоўкі.