Перайсці да зместу

Гняздзілаўская сядзіба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзіба
Сядзіба Слатвінскіх
Краіна  Беларусь
Вёска Гняздзілава
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гняздзілаўская сядзіба — былая сядзіба ў вёсцы Гняздзілава, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць Беларусі.

Сядзіба была ўласнасцю Рудамінаў, затым глыбоцкіх кармелітаў. У 1840-я гады перайшла роду Шышкаў. На месцы старой барочнай сядзібы ў 1-й палове ХІХ стагоддзя фарміруецца вялікая прыгожая сядзіба ў стылі класіцызму. Стары сядзібны дом быў параўнальна невялікі. Паркавы фасад будынка меў мураваную тэрасу, на якую выходзілі 3 портэфенетры. Мелася тэраса з балюстрадай на паркавым фасадзе. Пазней да яго прыбудоўваюцца бакавыя аб’ёмы з трохскатнымі дахамі, а да параднага фасада — плоскі аб’ём-тамбур, завершаны трохвугольным шчытом. Параўнальна вялікі палац, вядомы па фотаздымку 1894 года, заняў дамінуючае становішча ў сядзібе і быў апаясаны прыгожым вянком пасаджанага вечназялёнага самшыта. У палацы было некалькі рэпрэзентатыўных пакояў з прыгожым малюнкам паркету, белымі кафельнымі печамі, стыльнай мэбляй. Асабліва выдзяляліся галоўны хол, сталовая з дубовай абшыўкай сцен да вышыні 1,5 м з круглым вялізным сталом і крэсламі, абітымі скураю, партрэтная зала, у якой меўся збор фамільных партрэтаў, у асноўным копій партрэтаў роду апошніх уладальнікаў Слатвінскіх. 3 боку парку быў вялікі салон з камінам, абстаўлены мэбляй у стылі Людовіка XV, абітай адамаскам. Да яго прылягаў меншы па памерах зялёны салон, абстаўлены мэбляй з магоніевага дрэва. Ён меў канапку незвычайнай формы і фартэпіяна. Дом не захаваўся. На яго месцы зараз пабудаваны сушыльны ток.

Капліца-пахавальня

З левага боку ад палаца размешчана афіцына. Будынак (захаваўся) вышэйшы за палац, параўнальна вялікі (28×14 м), цагляны і атынкаваны. Дэкор складаюць руст, а ўверсе пояс з трыгліфамі і спараныя пілястры. Цэнтральная частка фасада вылучана неглыбокім рызалітам, які завяршаецца трохвугольным франтонам. Палац з афіцынай быў злучаны аранжарэяй. Парадны партэр сядзібы вялікі. Відаць, адпаведна пашырэнню памераў палаца змяняўся яго першапачатковы выгляд. У выніку ён мае цэнтральны традыцыйны круг, размешчаны на галоўнай восі (адпавядае пачатковаму сядзібнаму дому) і 2 бакавыя, сіметрычна размешчаныя адносна першага круга. На ім дажываюць дзве старыя ліпы са слядамі былой фармоўкі. Перад партэрам размешчаны вялікі вадаём, які візуальна пашырае паркавую прастору і з’яўляецца акцэнтам перспектывы. Ён узнік пры перапланіроўцы сядзібы на галоўнай барочнай восі. Апошні ўладальнік Міраслаў Слатвінскі планаваў пабудаваць праз вадаём мост.

Рэшткі сядзібы

За палацам на плошчы 3 га размяшчаўся парк, які захаваўся ў сваіх былых межах і спалучае рысы барочнай рэгулярнай і новай пейзажнай планіроўкі. У цэнтры яго — фрагменты чатырох ліпавых алей былых баскетаў. Адна з алей размешчана на галоўнай восі, яна нешырокая (6 м), дрэвы пасаджаны праз 2 м. Вось замыкаецца відавым штучным узгоркам, які меў вінтавую вузкую сцяжынку, што вяла на вяршыню да драўлянага стала.

Уязная брама

Паўднёвы баскет мае выразныя рысы планіроўкі: адзінкавыя ліпы, быццам калоны, стаяць сярод падросту з клёна, ліпы, ясеня. Ён служыў агародам, тут былі дом садоўніка з цэглы (захаваліся руіны), сховішча яблыкаў. 3 усходняга боку размяшчаўся сад (вырошчваліся раннія гатункі яблыкаў). Паркавы выгляд баскету надавала альтана з ліпы да 10 м у дыяметры. Ліпы (захавалася 17) нясуць сляды былой фармоўкі на вышыні 3 м. Дрэвы аднавілі кроны і ўтвараюць прыгожы шацёр. Супраць альтаны на ўскрайку былога баскета пад кронамі векавых ліп і клёнаў стаіць капліца Козел-Паклеўскіх, узведзеная ў неарэнесансных формах. Пабудова 8-гранная ў плане, складзена з бруса, мае гарызантальную абшыўку ўнутры і звонку. Завяршаецца прыгожым купалам з ліхтарыкам, які нагадвае ў мініяцюры купал касцёла ў Мядзелі. Крыпта капліцы складзена з валуноў і бута. Бутавая падпорная сценка складанай канфігурацыі (адпаведна граням капліцы) падкрэслівае невялічкі пагост. На ім былі пахаваны прадстаўнікі роду Шышкаў (захаваліся адзінкавыя надмагільныя пліты).

Да парку прымыкалі сады. Паўднёвы сад, ахоплены радамі ліпы, вымерз у суровую зіму 1939—1940 гг. Другі сад плошчаю 5 га займаў паўночна-заходнюю частку сядзібы, быў агароджаны (агароджа не захавалася) і абсаджаны бярозай.

У сядзібу вялі 3 алеі. Заходняя ўязная была галоўнай. Уезд фіксаваўся брамай і невялічкаю вартоўняй. Захаваліся два цагляныя атынкаваныя масіўныя пілоны з вузкімі сферычнай формы праёмамі для праходу і глыбокімі паўцыркульнымі бакавымі нішамі. Пары сферычных ніш імітуюць байніцы, а завяршэнне пілонаў зубчатае на манер крапасных сцен. Ад брамы ішла бакавая дарога ў гаспадарчы двор. Тут меліся 2 кароўнікі на 120 галоў (разводзілі племянных чырванапольскіх кароў), цялятнік, канюшня, свіран, кузня, сталярня і іншыя забудовы.

Сядзіба мела гумнішча (характэрны элемент рэнесансных сядзіб), спланаванае ў выглядзе прамавугольніка, агароджанае ўязной брамай. Яе вялізныя пілоны былі вырваны ў 1966 годзе. Уключала ток з малатарняй і гаспадарчыя пабудовы, пляцоўкі для снапоў, саломы (цяпер свабодная тэрыторыя). Службовыя і гаспадарчыя пабудовы прымыкалі з бакоў да параднай часткі двара (стайня з карэтнай, сыраварня і інш.). Захавалася лядоўня, пабудаваная з валуноў і цэглы[1].

Зноскі

  • Былое гняздзілаўскага маёнтка // Родныя вытокi (Докшыцы). — 2004. — 8 снеж. — С. 3.
  • Бяляўская, Н. Дарога ў 227 гадоў / Н. Бяляўская // Родныя вытокі (Докшыцы). — 2009.- 26 жн. — С. 4.
  • Гнездиловская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 320—321.
  • Гняздзілаўская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / редкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3 : Г-З. — С. 74.
  • Сядзіба ў в. Гняздзілава // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 676—678.