Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы — самадзейная грамадска-палітычная арганізацыя ў Гомелі ў 1917 г. Утвораны ў падтрымку Часовага ўрада па ініцыятыве рэвалюцыйна-дэмакратычных партый на кааліцыйнай аснове з прадстаўнікамі афіцыйных органаў. Валодаў элементамі ўлады. Рашэнне аб арганізацыі камітэта прынята 11(24) ліпеня 1917 г. на надзвычайным сходзе Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў сумесна з членамі ротных і палкавых камітэтаў, камандзірамі вайскавых часцей і прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі. Адлюстроўваў пераходны стан улады ад воеўладдзя да адзінаўладдзя на карысць Часовага ўрада. Меў 3 склады. У 1-ы склад увайшлі ад выканкома Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў меншавік Злотнік, ад ваеннай секцыі Савета член Гомельскага камітэта РСДРП(б) П.А.Багданаў (старшыня), ад выканкома Гомельскага павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў эсэры Засорны, Герман, Малкін, камісар Часовага ўрада Фен-Раеўскі, начальнік гарнізона палкоўнік Лункевіч. Галоўная задача камітэта — арганізацыя аховы і падтрыманне парадку ў горадзе, барацьба з узброенымі дэзерцірамі. Для гэтай мэты сфарміраваў з нестраявых вайскоўцаў атрад. Выдаў яму 400 вінтовак. Умешваўся ў дзейнасць ваенных улад, без яго ведама вайсковыя часці не мелі права выходзіць з казармаў. У канцы ліпеня інспекцыя на чале з генералам Радзько правяла рэвізію дзейнасці камітэта і прызнала, што яна адпавядае моманту. 10(23) жніўн дзейнасць камітэта ўхваліў выканком Гомельскага Савета. 18(31) ліпен 1917 г. на нарадзе камітэта з удзелам прадстаўнікоў Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, палітычных партый, прафсаюзаў, харчовага, зямельнага і чыгуначнага камітэтаў, асобных вайсковых часцей і інш. была ўхвалена дэкларацыя Часовага ўрада 11(24) жніўня камітэт самаскасаваўся.

У сувязі з карнілаўскім мяцяжом камітэт адноўлены 28 жніўня (10 верасня) 1917 г. у новым складзе як надзвычайны кааліцыйы рэвалюцыйна-дэмакратычны орган для барацьбы з контррэвалюцыяй. У 2-і склад камітэта ўвайўлі 13 чалавек: 6 ад Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (па 2 ад меншавікоў, эсэраў і бальшавікоў), 2 ад выканкома павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў, па 1 ад гарадской і земскай упраў, начальнік гарнізона, камісар Часовага ўрада і начальнік міліцыі. Пераважалі эсэры і меншавікі. Старшыня — Багданаў. Камітэт адыграў станоўчую ролю ў задушэнні мяцяжу, каардынацыі дзейнасці Саветаў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Камітэт падпарадкаваў свайму ўплыву мясцовы гарнізон, забраў з майстэрні 49 кулямётаў, 5400 вінтовак, 249 рэвальвераў, узброіў нестраявыя падраздзяленні, сфарміраваў разам з іншымі арганізацыямі атрад і накіраваў у напрамку Магілёва. Кантраляваў рух вайсковых часцей, тэлеграф, устанавіў сувязь з рознымі арганізацыямі Петраграда, Оршы, Рагачова, Мінска і інш. Падтрымліваў Часовы ўра. Прадстаўнікі камітэта 31 жніўня (13 верасня) выступілі са справаздачай аб яго дзейнасці ў час мяцяжу, якая была ўхвалена на сумесным пасяджэнні Гомельскага Савета і прадстаўнікоў салдацкіх і рабочых дэпутатаў. 5(18) верасня камітэт распушчаны. Замест яго ўтворана бюро ў складзе 6 членаў Савета для кантролю за дзейнасцю мясцовых улад.

У 3-м складзе камітэт адноўлены 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 г. па ініцыятыве мясцовых лідараў меншавікоў і эсэраў на надзвычайным сходзе прадстаўнікоў выканкомаў Савета рабочых і салдацкіх і павятовага Саветп сялянскіх дэпутатаў, фабрычна-заводскіх камітэтаў і інш. Усе фракцыі за выключэннем бальшавікоў выступілі супраць узброеннага паўстаня ў Петраградзе. Сход выказаўся за аднародную ўладу з удзелам бальшавікоў і прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных партый. 28 кастрычніка (10 лістапада) Гомельскі Савет таксама выказаўся за моцную рэвалюцыйна-дэмакратычную ўладу перад скліканнем Устаноўчага сходу. Гэту платформу большасцю галасоў падтрымалі члены гарадской думы, прадстаўнікі многіх прафсаюзаў, іншых грамадскіх арганізацый. Палітыка чакання Палескага камітэта РСДРП(б) дала магчымасць устанавіць часова ў горадзе на кампраміснай аснове рэвалюцыйна-дэмакратычную ўладу на чале зкамітэтам. Старшыня — Багданаў. Камітэт аддаў распараджэнне затрымліваць вайсковыя эшалоны, якія накіроўваліся ў Петраград для задушэння рэвалюцыі, наладзіў кантроль за работай тэлеграфа і тэлефона, устанавіў цэнзуру за мясцовымі газетамі, узмацніў каравулы ў горадзе і г.д. Дзейнасць камітэта ўхвалена 30 лістапада (13 снежня) на пасяджэнні мясцовага Савета. Наяўнасць камітэта адлюстравала складаны пераходны стан ад органаў Часовага ўрада да Саветаў. Камітэт спыніў існаванне да 22 лістапада (5 снежня), калі ўладу ўзяў Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Палескі камітэт РСДРП(б).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Башко, П. Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы / Петр Башко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 74 — 75. — ISBN 985-11-0041-2.