Шматгадовая раўнаспоравая папарацепадобная кароткакарэнішчавая расліна з дыферэнцыраванай на стэрыльны і спараносны ўчасткі ліставой пласцінкай (ваі). Вышыня да 20 см[1]. У ніжняй частцы сцябло нярэдка чырванаватае.
Неспараносная (вегетатыўная) ліставая пласцінка адыходзіць вышэй сярэдзіны расліны, прадаўгавата-яйкападобная, на кароткай ножцы, перыста- або, радзей, 2-перыстарассечаная на 3-5 і больш пар лопасцевых або раздзельных сегментаў з тупымі няправільнымі долямі.
Еўрапейска-паўночнаамерыканскі барэальна-лясны від. Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, усходняя частка Паўночнай Амерыкі. Ва ўсім арэале сустракаецца рэдка, у некаторых краінах знік. У Беларусі находзіцца ў ізаляваных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала. Месцы росту: сухадольныя (пераважна пусткавыя) нізкатраўныя разнатраўна-злакавыя лугі, лясныя паляны і ўзлескі ў сасновых, яловых і ялова-шыракалістых лясах кіслічнага тыпу, ядлоўцавыя рэдкалессі. Расце паасобнымі экземплярамі.