Даўжыня 45-47 см, размах крылаў 81-100 см. Пёры чорныя, з фіялетавым адценнем. У дарослых птушак пачатак дзюбы голы; ў маладых птушак пёры ў пачатку дзюбы ёсць, але пазней яны выпадаюць.
Арэал: ад Iспанii, Францыi i Брытанскіх а-воў праз Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, Цэнтральную і Усходнюю Азію да Японii i ўсходу Кiтая.
Тыповыя біятопы: групы дрэў сярод палёў паблізу рачных далін, лугоў і сельскагаспадарчых земляў, а таксама высокія дрэвы ў населеных пунктах; на паўднёвым усходзе таксама зараснікі трыснягу паблізу культурных ландшафтаў. У Карпатах даходзiць да вышыні 700 м. У Азii сустракаецца да вышынi 2000 м.
У паўночнай частцы арэала гракі — пералётныя птушкі, у паўднёвай — аселыя. Месца зімовак у межах гнездавога арэала i на поўдзень ад яго.
Гракі ўсяедныя, але галоўным чынам сілкуюцца чарвякамі і лічынкамінасякомых, якіх яны знаходзяць, капаючыся ў зямлі сваёй моцнай дзюбай. Любяць вялікімі зграямі ісці за трактарамі, якія толькі ўзаралі зямлю.
Гняздуюць на дрэвах вялікімі калоніямі. Звычайная зімовая птушка буйных населеных пунктаў. Насельнік адкрытых ландшафтаў. У населеных пунктах каля старых дарог на дрэвах часта сустракаюцца «гракоўнікі» — каланіяльныя паселішчы, якія складаюцца з дзясяткаў гнёздаў, якія выкарыстоўваюцца шмат гадоў. Узімку сілкуецца ў асноўным расліннымі кармамі і харчовымі адкідамі чалавека. Узімку трымаюцца адзінкава і невялікімі групамі, часта разам з іншымі крумкачовымі.
Увесну грак прылятае вельмі рана, яшчэ ляжыць снег на палях. Перыяд прылёту ў розных месцапражываннях прыпадае на перыяд з лютага па красавік. Гняздо будуе з сухога вецця, высцілае сухой травой, часам жмуткамі воўны, тоненькімі галінкамі, а таксама выкарыстоўвае рознае смецце. Гнездавая калонія існуе вельмі доўга нават дзесяцігоддзі.
Адзін раз у год бывае адна кладка з 3-7 яек. Птушаняты з'яўляюцца ў пачатку-сярэдзіне красавіка. Інкубацыя граковых яек складае па розных дадзеных даследчыкаў 16-20 дзён. Вылет граканят адбываецца праз 30 дзён. Вылятаюць у пачатку траўня і ў першай палове чэрвеня.
Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя мяса гракоў ўжывалася ў ежу «бедным класам» у Еўропе, у прыватнасці, у Германіі і на Украіне. У Германіі гракоў салілі ў бочках.