Графаманія
Графаманія (ад грэч. γράφω — пішу, малюю і грэч. μανία — вар’яцтва, шаленства, захопленасць) — хваравітае імкненне «стаць пісьменнікам» у асоб, якія не маюць літаратурных здольнасцей. У аснове графаманіі ляжыць наіўнае ўяўленне пра літаратурную працу як лёгкую і нескладаную. Асноўнымі элементамі графаманскага пісьма выступаюць небагаты слоўнікавы запас, панылая апісальнасць, трафарэтная кампазіцыя, спрошчанасць чалавечых характараў, адсутнасць у творах значных і актуальных праблем.
Па-за псіхіятрычным кантэкстам паняцце «графаманія» нярэдка прымяняецца да літаратуры, якая наіўна грэбуе агульнапрынятымі ў элітарнай і масавай літаратурах эстэтычнымі крытэрыямі, да незвычайна прадуктыўных «дрэнных» аўтараў.
Адной з самых частых прычын графаманіі некаторыя даследчыкі называюць гіперкампенсацыю комплексу непаўнавартаснасці, а частка выпадкаў — выражэннем бязглуздай ці звышкаштоўнай ідэі ідэнтыфікацыі сябе з выдатным пісьменнікам[1]. Адзін з прыкладаў графамана — Ёзеф Гебельс, які, прэтэндуючы на ролю галоўнага гістарыёграфа Другой сусветнай вайны, спісаў 16 тысяч старонак машынапісу даволі тэндэнцыйнымі тэкстамі[1].
Графаманія сустракаецца пры некаторых формах шызафрэніі, параноі, маніякальным і гіпаманіякальным станах і пры іншых псіхічных расстройствах[2]. Пры сіндроме Кандзінскага — Клерамбо хворыя могуць сцвярджаць, што іх прымушаюць шмат пісаць нейкія знешнія сілы[1]. Графаманічныя тэндэнцыі нярэдкія ў суцяжных псіхапатаў (пры параноідным расстройстве асобы).
Зноскі
- ↑ а б в Жмуров В. А. Графомания // Большая энциклопедия по психиатрии. — 2-е изд.
- ↑ Й. А. Стоименов, М. Й. Стоименова, П. Й. Коева и др. Психиатрический энциклопедический словарь. — К.: МАУП, 2003. — С. 242. — 1200 с. — ISBN 966-608-306-X.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Графаманія // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — С. Т. К. Грамадчанка. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.