Гродзенскі гадзіннік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Гродзенскі гадзіннік
Краіна
Месцазнаходжанне Гродна
Першае згадванне 1541
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000024шыфр 411Г000024

Гродзенскі гадзіннік — хранометр канца XV стагоддзя, які размяшчаецца на паўночнай вежы касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў Гродне. Лічыцца самым старым гадзіннікам у Еўропе, механізм якога працуе па сённяшні дзень[1].

Гадзіннік на гарадской ратушы[правіць | правіць зыходнік]

Гродзенскі гадзіннік з’явіўся ў горадзе на рубяжы XV і XVI стагоддзяў. Першапачаткова ён размяшчаўся на вежы гарадской ратушы. Хто яго вырабіў дакладна не вядома. Верагодна, што майстра запрасілі з Гданьска альбо Каралеўца (сучасны Калінінград), бо гэта найбліжэйшыя да Гродна гарады, дзе на той час існавалі цэхі такіх рамёстваў.

Стваральнік хранометра паставіў на яго механізме сваё таўро. Яно падобна на перавернутую лацінскую літару «G». Азначэнне гэтай літары даследчыкі дасюль не расшыфравалі.

Самая першая згадка пра гадзіннік датуецца 25 ліпеня 1541 года. Тады каралева Бона Сфорца[2] загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра для абслугоўвання гадзінніка.

«Майстра гадзіннікавага няхай возьмуць, які б гадзіннік мог абслугоўваць і аднавіць умеў, каб не псаваўся».

Першая гродзенская ратуша праіснавала паўтара стагоддзя. У 1650-х гадах яна была разбураная падчас нашэсця войска Аляксея Міхайлавіча Раманава на Вялікае Княства Літоўскае. Пасля войнаў у Гродне спрабавалі сабраць грошы на адбудову ратушы, але абяднелы, разбураны і спустошаны горад не даў рады.

Гадзіннік на Фарным касцёле[правіць | правіць зыходнік]

Праз хроніку Гродзенскага калегіума езуітаў, якая захоўваецца ў Рыме, можна прасачыць далейшы лёс гарадскога гадзінніка. Пасля разбурэння ратушы, гадзіннік размясцілі на драўлянай вежы калегіума езуітаў. Пазней спецыяльна пад гадзіннік пабудуюць мураваную вежу. На ёй хранометр размяшчаўся да 1725 года, калі яго перанеслі на вежу Фарнага касцёла.

Першапачаткова цыферблат гадзінніка размяшчаўся на адзін ярус ніжэй. Вышэй яго паднялі ў 1750-х гадах, тады ж на ярус вышэй паднялі і званы — найбольшы з іх адбіваў гадзіны, а меншы — чвэрці.

Гадзіннік у ХХ стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Механізм гадзінніка

Падчас акупацыі Гродна кайзераўскімі войскамі ў Першую сусветную вайну, тры з чатырох старажытных званоў Фарнага касцёла вывезлі ў Германію. Адзін з іх быў тым, які адбіваў гадзіны. У міжваенны перыяд механізм гадзінніка планавалі замяніць на больш сучасны, але не паспелі з-за пачатку Другой сусветнай вайны.

З 1944 года за станам гадзінніка сачылі Марыя і Іосіф Гратулевічы. Яны прыехалі ў Гродна з Полацка падчас Другой сусветнай вайны. Штодзённы яны заводзілі механізм гадзінніка ўручную падымаючы гіры вагой больш за 60 кілаграмаў, якія віселі на 15 метровых канатах.

У 1950-я гады савецкія ўлады забаранілі Гратулевічам прыводзіць у дзеянне механізм гадзінніка[3]. Чыноўнікі спаслаліся на тое, што, нібыта, «бой гадзінніка перашкаджае гарадскому транспарту на Савецкай плошчы». Таксама Марыя Гратулевіч распавядала, што «людзі ў цывільным» папракалі яе з мужам, што яны, нібыта, «з вежы пасылаюць сігналы зняволеным гродзенскай турмы». У выніку гадзіннік спыніў адлік часу да 1980-х гадоў.

Рамонт і аднаўленне гадзінніка[правіць | правіць зыходнік]

У 1980 годзе майстры гродзенскай «Рэмбыттэхнікі» адрамантавалі прывад стрэлак, вырабілі маятнік, дадалі да механізма два электрарухавікі і зноў запусцілі гадзіннік. Але стары гадзіннік не ўспрыняў навадзелаў і праз паўгода зноў спыніўся. Гадзіннік не працаваў да 1987 года, калі даглядальніца Фарнага касцёла Марыя Гратулевіч звярнулася да гродзенскага фізіка Аляксандра Мілінкевіча з просьбай паспрабаваць аднавіць гадзіннік.

Асноўныя работы выконвалі супрацоўнікі Гродзенскага завода карданных валоў. Майстры нарошчвалі зубы шасцерняў і колаў, выраблялі інварны маятнік і апорныя падшыпнікі, аднаўлялі першапачатковы прывад хранометра. Падчас рамонту майстры максімальна захавалі старыя, арыгінальныя дэталі, механізму вярнулі ручную заводку, а таксама зрабілі новы круглы цыферблат і стрэлкі.

У сакавіку 1988 года адбыўся мантаж адноўленых круглых цыферблатаў, у ліпені механізм гадзінніка вярнулі на сваё месца. Да вясны 1989 года адбывалася наладка гадзінніка. Апоўдні 14 красавіка 1989 года хранометр зноў пачаў спраўна працаваць[1].

Механізм гадзінніка[правіць | правіць зыходнік]

Механізм курантаў складаецца з трох частак у выглядзе гір. Яны адказваюць за адлік секунд, мінут і гадзін. Гадзіннікавы механізм звязаны са званамі спецыяльнай тросавай сістэмай. Кожную чвэрць гадзіны над горадам раздаецца бой гадзінніка. Каб гадзіннік не спыняўся, яго трэба заводзіць раз на тры дні[4].

Копіі гадзінніка[правіць | правіць зыходнік]

У 2019 годзе выгляд цыферблата гродзенскага гадзінніка выкарыстаў Мінскі гадзіннікавы завод «Луч». Ён выпусціў лімітаваную серыю са 150 наручных гадзіннікаў у выглядзе паменшанай копіі хранометра Фарнага касцёла[5]. З адметным выглядам цыферблата, на якім замест звычайнай рымскай лічбы «IV», чацвёртая гадзіна пазначана спалучэннем чатырох рысак «IIII».

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Мілінкевіч А. Найстарэйшы ў Еўропе. Вежавы гадзіннік у Гродне // Наша гісторыя. — 2020. — № 2 (19). — С. 52—57. — ISSN 2617-2305.
  2. Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца . Hrodna.life (16 студзеня 2024). Праверана 16 студзеня 2024.
  3. Почему советы запрещали бой гродненских часов на Фарном костёле? (Правда вас шокирует!)(нявызн.). Праверана 16 студзеня 2024.
  4. Дз - ГаДЗіннік. 5 фактаў пра гарадзенскую адметнасць на вежы Фарнага касцёла . Hrodna.life (16 студзеня 2024). Праверана 16 студзеня 2024.
  5. HL. "Луч" выпусціў лімітаваную калекцыю "гарадзенскіх" гадзіннікаў . Hrodna.life (29 кастрычніка 2019). Праверана 16 студзеня 2024.