Перайсці да зместу

Губернскія па сялянскіх справах установы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Губе́рнскія па сяля́нскіх спра́вах устано́вы[заўв 1] (руск.: губерские по крестьянским делам присутствия), пазней губе́рнскія ўстано́вы (руск.: губернские присутствия) — мясцовыя кіруючыя органы для ажыццяўлення сялянскай рэформы 1861 года ў Расійскай імперыі. Былі ўтвораны неўзабаве пасля скасавання прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і павятовых міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкам і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі (супраць устаноўленай нормы) сялянскія павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутраных спраў. Узначальваліся губернатарамі, членамі былі губернскі маршалак, кіраўнік палаты дзяржаўных маёмасцей, губернскі пракурор, 4 мясцовых памешчыкі з дваран[2].

На Беларусі пасля паўстання 1863—1864 гадоў на гэтыя пасады прызначалі асоб з расійскіх губерняў, ім было павялічана забеспячэнне. У 1870-я гады мясцовая адміністрацыя пры маўклівай згодзе адказных міністэрстваў пачала ўладкоўваць у губернскія і павятовыя ўстановы добранадзейных чыноўнікаў з мясцовых каталікоў («польскага паходжання»)[2].

З утварэннем у 1889 годзе у бальшыні губерняў Расійскай імперыі інстытута земскіх участковых начальнікаў па сялянскіх справах установам былі нададзены, акрамя адміністрацыйных, таксама судовыя функцыі, у іх склад увайшлі старшыня альбо член акруговага суда. Установы сталі апеляцыйнай інстанцыяй у межах губерні, тут разглядалі і вырашалі скаргі і пратэсты на судовыя рашэнні павятовых з’ездаў, земскіх начальнікаў. У выніку гэтага ўлада губернскіх устаноў над сялянамі значна пабольшала. Яны сталі называцца «губернскія ўстановы». На Беларусі ва ўсходніх і цэнтральных паветах рэарганізацыя праводзілася з 1900 года, у заходніх — з 1904 года. У такой кампетэнцыі ўстановы захоўваліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года[2].

  1. Часам у беларускай гістарыяграфіі маюць назву «Губернскія па сялянскіх справах прысутнасці»[1].