Міравы пасрэднік
Міравы́ пасрэ́днік (руск.: мировой посредник) — пасада ў Расійскай імперыі, уведзеная паводле «Палажэнняў» аб адмене прыгоннага права 19 лютага 1861 года для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861 года.
Міравы пасрэднік прызначаўся Сенатам паводле рэкамендацыі ўлад губерні з мясцовых дваран-памешчыкаў, якія валодалі пэўным зямельным цэнзам. Спачатку міравы пасрэднік прызначаўся на 3 гады, а пазней на бестэрміновы перыяд. Улада міравога пасрэдніка распаўсюджвалася на міравы ўчастак, які на Беларусі найчасцей складаўся з 5—7 валасцей. У сярэдзіне 1860-х гадоў існавала 127 міравых участкаў, у якія ўваходзілі 752 воласці. Галоўныя функцыі міравога пасрэдніка — размежаванне сялянскай і панскай зямлі, разбор і рашэнне пазямельных скаргаў і спрэчак паміж сялянамі і памешчыкамі; праверка, зацвярджэнне і ўвядзенне ў дзеянне ўстаўных грамат, утварэнне органаў сялянскага грамадскага кіравання і нагляд за іх дзейнасцю (зацвярджэнне рашэнняў валасных і сельскіх сходаў, а таксама валасных старшын, сельскіх старастаў і інш.). У дачыненні да сялян міравы пасрэднік валодаў судова-паліцэйскімі правамі: разгляд спрэчак па ісках, што не перавышалі 30 рублёў (патравы, высечкі лесу і інш.), арышт да 7 дзён, пакаранне розгамі да 20 удараў, адпраўка на грамадскія работы тэрмінам да 6 дзён, штраф да 5 рублёў. Дзеянні міравога пасрэдніка маглі быць абскарджаны перад павятовым міравым з’ездам (сход усіх міравых пасрэднікаў павета на чале з павятовым маршалкам з удзелам чыноўніка, якога прызначаў губернатар). Апошняй інстанцыяй для абскарджання іх рашэнняў былі губернскія па сялянскіх справах установы[1].
У часе паўстання 1863—1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі міравыя пасрэднікі ўсюды былі заменены, іх пасады занялі асобы з рускіх чыноўнікаў і афіцэраў. У 1870-я гады ў сувязі са зменай расійскай палітыкі да сялянства і дваранства заходніх губерняў на пасады ізноў пачалі прызначаць асоб з мясцовых дваран. З утварэннем на Беларусі міравых судоў у пачатку 1870-х гадоў судовыя функцыі міравых пасрэднікаў перайшлі да міравых суддзяў. У Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях інстытут міравога пасрэдніка скасаваны ў 1878 годзе і заменены на павятовыя па сялянскіх справах установы. Часта паўнамоцтваў міравога пасрэдніка перайшла да земскай паліцыі. У Віленскай і Гродзенскай губернях пасада міравога пасрэдніка захоўвалася да 1904 года, калі была замешчана земскім участковым начальнікам[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вячаслаў Панюціч. Міравы пасрэднік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 205. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Святлана Талмачова Міравыя пасрэднікі ў сістэме сялянскага самакіравання ў Беларусі // Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці (Да 90-годдзя ўтварэння БССР): матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., г. Мінск, 27 лют. 2009 г. У 2 ч. Ч. 1. Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да 1918 г. : зборнік. — 2009. — С. 103—108.
- Святлана Талмачова Дынаміка колькаснага складу міравых пасрэднікаў у Беларусі // Актуальныя праблемы айчыннай і сусветнай гісторыі : зборнік навуковых прац. — Мінск: БДПУ, 2013. — С. 56—61.