Дар’енскі прабел

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Раён Дар’ен

Дар’енскі прабел (ісп.: Región de Darién) — вялікі ўчастак цяжкапраходнай забалочанай і лясістай мясцовасці на мяжы Цэнтральнай і Паўднёвай Амерык. Паўночная частка прыходзіцца на панамскую правінцыю Дар’ен, паўднёвая — на калумбійскі дэпартамент Чока. З’яўляецца адзіным месцам разрыву Панамерыканскай шашы, адсюль і назва.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня прабела ад горада Явіза ў Панаме да горада Турба ў Калумбіі складае 106 км. Паўднёваамерыканская калумбійская частка прабела пераважна забалочаная. Яе большая частка прыходзіцца на дэльту ракі Атрата шырынёй да 80 км, спрэс занятую балоцістымі маршамі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў тут складае ад 2000 да 4500 мм, тэмпература — 27 ° C; вільготнасць вельмі высокая — ад 75 % да 95 %.

Цэнтральнаамерыканскую панамскую частку займаюць зарослыя вільготнымі лясамі горы Серанія-дэль-Дар’ен, вышынёй да 1875 метраў (гара Такаркуна). Ападкаў тут таксама шмат, аднак горы робяць клімат больш прахалодным. Дар’енскія дажджавыя лясы лічацца прыкладам вельмі вялікай генетычнай біяразнастайнасці. Тут сустракаюцца гіганцкі мурашкаед, цэнтральнаамерыканскі тапір, хмызняковы сабака.

На тэрыторыі прабела маюцца два нацыянальных парка, што ўваходзяць у спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Дар’ен з панамскага боку і Лос-Каціяс (Los Katíos) — з калумбійскага. Паркі мяжуюць і хутчэй за ўсё будуць ператвораны ў трансгранічны рэзерват.

Панамерыканская магістраль[правіць | правіць зыходнік]

Прабел дзеліць Панамерыканскую шашу на дзве вялікіх часткі. Высокая забалочанасць, задушлівы трапічны клімат, горны рэльеф — гэтыя фактары ствараюць сур’ёзную перашкоду для будаўніцтва інфраструктуры, таму 87 км магістралі тут так і не былі дабудаваны. А калі ў 1971 ЗША ўсё ж такі вырашылі праспансаваць усяго толькі планаванне, з пратэстамі выступілі эколагі і праект згарнулі. Яшчэ адна спроба была зробленая ў 1992 годзе, але ў 1994 камісія ААН устанавіла, што праект нанясе сур’ёзны ўрон экалогіі рэгіёна.

Супраць злучэння дзвюх частак шашы выступаюць яшчэ дзве сілы: гэта ўлады Панамы, што баяцца павелічэння і так немалога наркатрафіку з Калумбіі; а таксама плямёны куна і чока, што рупяцца аб сваёй самабытнасці.

Адна з прапанаваных альтэрнатыў шашы на дадзеным участку — кароткая паромная лінія з горада Турба ў заліве Ураба ў новы панамскі порт на беразе Атлантычнага акіяна. Цяпер жа выкарыстоўваецца доўгая пераправа Буэнавентура — Панама.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Дар’енскі прабел папулярны ў аматараў оф-роўду і турызму — шматлікія экспедыцыі перасякаюць яго на ўсюдыходах, матацыклах, роварах і пешшу.