Дом Кастравіцкай (плошча Незалежнасці)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Кастравіцкай
53°53′43″ пн. ш. 27°32′45″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль мадэрн
Архітэктар Станіслаў Гайдукевіч
Дата пабудовы 1913
Дата скасавання 1964
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Кастравіцкай — колішні будынак у Мінску, які размяшчаўся на цяперашняй плошчы Незалежнасці перад Домам урада.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Праект дома. С. Гайдукевіч, 1914

У 1913 годзе дваранкай Ядвігай Кастравіцкай на рагу Захар’еўскай вуліцы і Васільеўскага (Земляробчага) завулка (цяпер не існуе) пабудаваны па праекце архітэктара Станіслава Гайдукевіча 4-5-павярховы мураваны дом і мураваная адрына на месцы знесеных 1-павярховых драўляных дамоў з мезанінамі і ўчастка зямлі, выкупленай у Я. А. Багушэўскай. У 1915 годзе ў доме пражываў упраўляючы Мінскім аддзяленнем Віленскага прыватнага камерцыйнага банка Станіслаў Рамуальдавіч Малецкі  (ВД), у 1916—1917 гадах — старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Вайніловіч, родны брат Кастравіцкай. У 1916 годзе чысты прыбытак з новага дома склаў 10 510 руб, падатак складаў 10 %[1].

Дом з двара. 1930
Тэрыторыя будучай плошчы Незалежнасці на нямецкім аэрафотаздымку. 1941

У 1918 годзе, пры немцах, прыбытак склаў 16 545 руб, падатак складаў 20 %. У 1919 — пры паляках — 630 600 руб, падатак польскім акупацыйным уладам складаў 1 %[1].

На 1926 год дом быў падзелены на 19 кватэр[1].

У 1935—1941 гадах у кватэры № 7 пражываў хірург Ісак Яўсеевіч Ярхо, у 1934—1935 у кватэры № 17 пражываў інжынер-эканаміст Кліменцій Станіслававіч Крачкоўскі[1].

У 1916—1917 гадах размяшчаліся аптэчны склад, аддзел дзіцячых сталовых Усерасійскага земскага саюза[ru] камандавання Заходняга фронту, выканаўчы камітэт з’езда дэпутатаў-бежанцаў Заходняга фронту[1].

У 1910-я размяшчаліся тытунёвая лаўка А. В. Жыдко, бакалейная лаўка М. Б. Мяшкоўскага, прыёмны кабінет урача па жаночых хваробах Льва-Самуіла Іосіфавіча Эварда. У 1920 — Асобы аддзел 16-й арміі. У 1920—1923: Савет народнай гаспадаркі пры УСНГ (3-ці паверх), «Белскура», «Беладзенне», «Губстром» (бел.: Губернскі аддзел будаўнічых матэрыялаў), «Губтоп» (бел.: Губернскі паліўны камітэт), «Камдзяржбуд», «Кустпромбел», «Лескамбел» (Лясны камітэт), «Тэкстыльбел», «Трамат» (Транспартна-матэрыяльны аддзел), «Утыльбел», «Электрабуд», Аддзел харчовы, Аддзел хімічны і металічны, Страхавы аддзел., у 1921 — Саюз металістаў, у 1923 — Аб’яднанае ўпраўленне. У 1925—1926: сталовая-піўная 1-га працоўнага калектыву, клуб і канцылярыя Саюза металістаў, лаўкі, майстэрні і склады, пральня. У 1926—1928 — жыллёва-арэнднае кааператыўнае таварыства № 30. У 1928—1930: крама № 93 (прадуктовая) Мінскіх цэнтральных рабочых кааператываў, хлебная крама № 140 Мінскіх цэнтральных рабочых кааператываў, сталоўка № 7. У 1934—1938: універмаг № 2 «Торгсина[ru]», дзіцячы сад № 53 (20а) Мінскага гарадскога аддзела народнай адукацыі. У 1935—1937 меўся тэлефон-аўтамат агульнага карыстання — таксафон[1].

У 1937 годзе інжынеры Белдзяржпраекта Казінец і Фальберг распрацоўвалі праект перасоўкі[ru] Дома металістаў прыблізна на 130 метраў у бок на ўчастак паміж Земляробчым завулкам і Базарнай вуліцай. Адрыў будынка фундамента планавалася зрабіць пры дапамозе 100—150 дамкратаў, а саму перасоўку — пры дапамозе дамкратаў па рэйках. Участак дома планаванася выкарыстаць для пашырэння плошчы перад Домам урада. Перасоўка дома мусіла стаць першым падобным вопытам у БССР, але так і не адбылася[2].

У 1938—1940 гадах у доме размяшчаўся «Гастраном» № 2 «Саюзпрадмага» (у 1939 — «Галоўгастраном»)[1].

8 чэрвеня 1949 года падчас «кампаніі супраць касмапалітаў[ru]» у доме арыштаваны пісьменнік Ісак Хаімавіч Платнер[ru][1].

Знесены ў 1964 годзе[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Галоўная вуліца Мінска, 1880—1940 гг. / Леанід Маракоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — Т. Кн. 1. — С. 108—111. — 259 с. — ISBN 978-985-02-1426-3.
  2. У 1937 годзе ў Менску планавалі здзейсніць модную у той час у свеце перасоўку вялікага будынка з месца на месца // Тэлеграм-канал «Піонэр-чат»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]