Дыспансерызацыя
Дыспансерыза́цыя (ад дыспансер)[1] — метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілактычных, дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на ранніх стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сацыяльнай прафілактыкі.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць дзве формы дыспансерызацыі:
- здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены)
- хворых асоб (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукровы дыябет, новаўтварэнні і інш.).
Дыспансерызацыя ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі ўведзена ў 1919—1921 гадах як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—1927 гадоў — прамысловых рабочых.[2]
Згодна з Пастанаўленнем Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 125 ад 30 жніўня 2023 г., мэтамі дыспансерызацыі з’яўляюцца правядзенне медыцынскай прафілактыкі, прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне адказнасці грамадзян за сваё здароўе, выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях.[3]
Дыспансерызацыя праводзіцца сярод дарослых (з 18 гадоў да 39 гадоў і з 40 гадоў і старэй) і дзяцей (да 1 года і з 1 года да 17 гадоў). Асобы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў праходзяць дыспансерызацыю адзін раз у тры гады, асобы, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў — адзін раз у год).[3]
Дыспансерызацыю дарослага насельніцтва праводзяць медработнікі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), месцы працы (вучобы, службы) і (або) іншых арганізацыях, якія разам з асноўнай дзейнасцю таксама ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Дыспансерызацыю дзіцячага насельніцтва праводзіць урач-педыятр участковы або ўрач агульнай практыкі, які абслугоўвае дзіцячае насельніцтва ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях і (або) іншых арганізацыях аховы здароўя.
Для правядзення дыспансерызацыі могуць выкарыстоўвацца выязныя формы работы, у тым ліку з прымяненнем перасовачных фельчарска-акушэрскіх пунктаў.[3]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.448
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- ↑ а б в Пастанаўленне Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 125 ад 30 жніўня 2023 г.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).