Дыцэнтра цудоўная (Lamprocapnos spectabilis, раней Dicentra spectabilis) — манатыпны від раслін сямейства макавыя (Papaveraceae). Расліна атрутная, калі яе з’есці, а таксама можа выклікаць раздражненне скуры.
У англійскай мове з-за формы кветак называюць «крывацечнае сэрца» (англ.: bleeding heart), «кветка-ліра» (англ.: lyre flower). Калі перавярнуць кветку, яна будзе мець падабенства з жанчынай у купальні, што дало яшчэ адну назву (англ.: lady-in-a-bath).
Шматгадовая расліна, якая ўтварае густыя зараснікі, з тоўстымі мясістымі карэнішчамі. Мае папаратнікападобнае лісце да 40 см, якое расце на кветаножках. Ружовыя кветкі сабраны ў доўгія суквецці. У канцы лета ўся расліна адмірае.