Евангельска-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Евангельска-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь (ЕЛЦРБ) — лютэранская грамада ў Беларусі, што з'явілася ў выніку адгалінавання ад Евангельска-лютэранскай царквы ў Расіі, Украіне, Казахстане і Сярэдняй Азіі ў 2000 годзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая евангельская царква ў Беларусі была заснавана ў Брэсце ў 1553. Пад канец XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве існавала каля 10 лютэранскіх парафій. Пасля Другой сусветнай вайны ўсе лютэранскія прыходы былі ліквідаваны.

Першая лютэранская грамада ў Рэспубліцы Беларусь пасля падзення савецкай улады атрымала рэгістрацыю ў 1993 годзе. Да 1998 самаарганізацыя лютэранскіх суполак у розных мясцовасцях адбывалася практычна ізалявана. Некаторыя далучыліся да ELKRAS, астатнія дзейнічалі цалкам незалежна. Улетку 1999 ELKRAS прызначыла пастара Леаніда Цвікі (Віцебск) епіскапскім візітатарам у Беларусі.

Лютэранская кірха ў Гродна

2 снежня 2000 года ў Віцебску адбыўся ўстаноўчы Сінод Беларускай евангельска-лютэранскай царквы. 11 сакавіка 2001 Цвікі быў рукапакладзены епіскапам. ELKRAS выступіла з асуджэннем стварэння ЕЛЦРБ, з-за чаго дзве (з 13) лютэранскіх грамадаў не ўвайшлі ў склад ЕЛЦРБ, застаўшыся ў ELKRAS. У 2002 годзе канфлікт між Кансісторыяй і епіскапам скончыўся адхіленнем апошняга ад служэння ў царкве. Царква перайшла на кансістарыяльнае кіраванне, і быў абраны в. а. епіскапа. 27 верасня 2003 года чатыры грамады «нямецкай традыцыі» абвясцілі пра непадпарадкаванне Кансісторыі і стварылі «Каардынацыйны савет ЕЛЦРБ для абароны законных правоў і інтарэсаў уцісканых суполак і святароў ЕЛЦРБ» (яшчэ адна грамада, полацкая, таксама выйшла з ЕЛЦРБ, аднак удзелу ў Каардынацыйнай савеце не брала). 9 кастрычніка 2004 года ў Лідзе гэтыя суполкі зладзілі Устаноўчы Сінод і стварылі Самастойную евангеліцка-лютэранскую царкву. На 2013 у складзе СЕЛЦ РБ знаходзілася адзінаццаць суполак[1]. Царква кансерватыўная, не прызнае жаночага святарства.

На 2011 год адзіны гістарычны лютэранскі храм у Беларусі знаходзіўся ў Гродна (настаяцель Уладзімір Татарнікаў)[2].

Іерархія[правіць | правіць зыходнік]

Епіскап ЕЛЦРБ:

  1. Леанід Цвікі[d] (11 сакавіка 2001 — 1 мая 2005)
  2. Кастусь Мардзвінцаў (1 мая 2005 — в.а. епіскапа)

Прадстаяцель СЕЛЦ РБ:

  1. Сяргей Гейль (2004—2006)
  2. Уладзімір Меерсон (2006)

Структура[правіць | правіць зыходнік]

ЕЛЦБР падзеленая на чатыры царкоўныя акругі на чале з суперінтэндэнтамі: Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую і Магілёўскую. У склад кожнай акругі ўваходзіць 2-3 парафіі.

Зноскі

  1. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Самастойная евангеліцка-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2015. Праверана 28 кастрычніка 2014.
  2. Лютэранская кірха ў Гродна напярэдадні татальнай рэканструкцыі. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 25 красавіка 2013.(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]