Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта
De vita et gestis Divi Hyacinthi
Жанр агіяграфічная паэма
Аўтар Мікалай Гусоўскі
Мова арыгінала лацінская
Дата першай публікацыі 1525
Пераклад на беларускую Жанна Некрашэвіч-Кароткая
Электронная версія

«Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» (лац.: De vita et gestis Divi Hyacinthi) — агіяграфічная паэма Мікалая Гусоўскага, выдадзеная ў 1525 годзе ў кракаўскай друкарні Гераніма Віетора. Храналагічна першы ўзор дадзенага жанра ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага[1].

Апавядае пра жыццё, падзвіжніцкую дзейнасць і цудатварэнні манаха-дамініканца XIII стагоддзя Святога Гіяцынта (Яцака Адрованжа).

Аналіз[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выданне паэмы было прысвечана кракаўскаму ваяводсе і маршалку, найвышэйшаму кароннаму канцлеру Хрыстафору Шыдлавецкаму, які, як і Святы Гіяцынт, паходзіў з роду Адрованжаў, і быў вялікім прыхільнікам гуманістычнай літаратуры, у прыватнасці творчасці нідэрландскага літаратара Эразма Ратэрдамскага[2].

Архітэктоніка[правіць | правіць зыходнік]

Першая старонка выдання Мікалая Гусоўскага з выявай герба Адрованжаў-Шыдлавецкіх

Паэма напісаная дактылічным гекзаметрам і кампазіцыйна падзяляецца на дзве часткі: першыя чатырыста радкоў прысвечаныя непэсрэдна апісанню жыцця Святога, другая частка твора носіць палемічны характар і прысвячаецца абароне крытыкі вучэння Марціна Лютэра, апалогіі эстэтычнага аспекту ў набажэнстве і абгрунтаванні неабходнасці культу Святых[2]. Паводле словаў В. Дарашкевіча, такая канцэпцыя Мікалая Гусоўскага «грунтуецца на сцвярджэнні адзінства найлепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі і рэнесансных элементаў»[3]. У гэтым творы, як і ў папярэдніх дзвюх паэмах, аўтар ставіў перад сабой важную задачу — «pauca domestica dici» («каб крыху было расказана пра айчынныя справы»). Таму ён дапаўняе жыційную частку твора шырокай палітрай хрысціянска-гуманістычных пытанняў, якія былі актуальнымі ў рэчышчы палемікі з пратэстанцкімі плынямі, якія пачыналі ў 20-я гг. XVI стагоддзя паступова распаўсюджвацца ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польскай Кароне[4].

У першай частцы аўтар перадусім падкрэслівае маральны аспект хрысціянскага вучэння святога Гіяцынта, што спраўджваецца ў яго неверагоднай дабрыні, спагаднасці да людзей і міласэрнасці. М. Гусоўскі не абмяжоўвае твор вузкаканфесійнай праблематыкай, разам з тым, не закранае складаных дагматычных праблем, што набліжае жыціе святога да паўсядзённага жыцця свецкага чалавека[5]. Уласна жыційная частка паэмы завяршаецца, згодна з агіяграфічным канонам, апісаннем шматлікіх пасмяротных цудаў, учыненых святым Гіяцынтам.

Многія паэтычныя пасажы ў паэме набліжаюцца да стылю прапаведніцкай літаратуры; паэт карыстаецца цытатамі з кананічных тэкстаў і дае сімволіка-алегарычныя тлумачэнні па пэўных пытаннях хрысціянскай дактрыны. Насуперак неапаганскай традыцыі свайго часу, Мікалай Гусоўскі амаль зусім не ўжывае ў сваіх творах імёнаў багоў антычнага пантэону[6].

Выданне паэмы ўпрыгожана дзвюма гравюрамі, якія сюжэтна звязаныя са зместам твора.

Крытыка лютэранства[правіць | правіць зыходнік]

Дзве гравюры, якія ілюструюць сюжэт паэмы

Найперш многія даследчыкі заўважалі ў паэме крытыку вучэння Марціна Лютэра. Паводле словаў кандыдаткі філалагічных навук Жанны Некрашэвіч-Кароткай (па сумяшчальніцтве перакладніцы паэмы), Мікалай Гусоўкі ўплятае крытычныя выпады супраць лютэранскай дактрыны ў кантэкст больш шырокіх разважанняў пра духоўны космас хрысціянства ўвогуле, што з'яўляецца часткай эстэтычнай праграмы аўтара. Тыпалогія антылютэраўскай тэмы па-мастацку карэлюе з антытурэцкай тэмай у знакамітай «Песні пра зубра»[5].

Паэт адзначае, што ў яго час вера Хрыста трывала ўвайшла ў сэрцы людзей і стала найважнейшым чыннікам іх духоўнага жыцця. Але з'яўляецца новая рэлігія, якая выпускае «блюзнерскія законы», сутнасць якіх аўтар пратакольным чынам фіксуе ў творы:

  • пазбавіць святыні ўсіх залатых аздобаў;
  • не ўшаноўваць малітвамі нябесныя сілы;
  • не дазваляць урачыстасці ў гонар Божай Маці.

Тым самым аўтар знаходзіць самыя слабыя месцы лютэраўскай дактрыны, якія павінны былі стаць перашкодаю для яе засвойвання славянскімі народамі[7]. Прывёўшы ўсе неабходныя аргументы, накіраваныя супраць вучэння Лютэра, Мікалай Гусоўскі пераходзіць да больш разгорнутай яго крытыкі, прадпракае адмоўныя сацыяльныя наступствы рэфарматарства: рэлігійныя войны, анархію, маральную дэградацыю.

Аўтар лічыць неабходным растлумачыць чытачам, на якім грунце ўзнікла ідэя рэфармавання хрысціянства і звязвае гэта з тым, што шлях паслядоўнікаў Хрыста вымагаў надзвычайнай самаахвярнасці, адмаўленняў ад дабротаў жыцця, значнага самаабмежавання, аскезы і падзвіжніцтва. Таму, на думку М. Гусоўскага, магла нарадзіцца ідэя пра ўдасканаленне або рэфармаванне хрысціянскай веры і набліжэння яе да большасці простых людзей, аднак вучэнне Лютэра ён не лічыць правільным выйсцем, адзначаючы[7]:

Можа, і не ўсё, што было, нам цяпер падабаецца — толькі
Тое, што Лютэр прыдумаў, нам не падабаецца яўна.

—527—528

Мікалай Гусоўскі акцэнтуе эстэтычны аспект хрысціянскага культу і менавіта ў ім бачыць вонкавую прывабнасць: касцельныя аздобы, убранне святара, іконы, залаты посуд, харавыя спевы неабходныя, прынамсі, на пачатковым этапе далучэння чалавека да хрысціянскіх каштоўнасцей[6].

Самы палемічна завостраны пасаж паэмы М. Гусоўскага звязаны з імкненнем падтрымаць традыцыю ўшанавання хрысціянскіх мучанікаў і падзвіжнікаў. Палемізуючы з прыхільнікамі лютэранства, якія адмянялі культ святых, паэт прыходзіць да высновы, што спробы каардынальным чынам рэфарміраваць хрысціянскую веру могуць даць адпаведна адваротны вынік[8].

Панегірык Жыгімонту I[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй паэме Мікалай Гусоўскі стварае велічны панегірык каралю-сучасніку Жыгімонту I, які ўслаўляецца як абаронца і захавальнік традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, у першую чаргу, за імкненне будаваць і ўпрыгожваць новыя святыні. Таксама кароль заслугоўвае пахвалу і за тое, што асабіста паклапаціўся пра беатыфікацыю свайго памерлага брата і руплівага прыхільніка каталіцкай веры княжыча Казіміра[8].

Уплыў на пазнейшую агіяграфію[правіць | правіць зыходнік]

Паэма пра «Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта» карысталася чытацкім попытам, пра што сведчыць наяўнасць у экзэмпляры выдання 1525 года, які захоўваецца ў навуковай бібліятэцы ў Курніку і паходзіць з кнігазбору заснавальніка курніцкай бібліятэкі польскага мецэната Цітуса Дзялынскага, шматлікіх заўвагаў на палях старонак жыційнай частцы паэмы. Мяркуючы па гэтых чытацкіх заўвагах, літаратурная інтэрпрэтацыя жыція святога была запатрабавана пазнейшымі агіёграфамі Гіяцынта Адрованжа.

Такое меркаванне спраўдзілася ў 1606 годзе, калі ў Венецыі была надрукавана кніга Абрагама Бзоўскага «Propago D. Hyacinthi Thaumatugri Poloni» (Паслядоўнікі Св. Гіяцынта, польскага цудатворцы). На дзясятай старонцы гэтага выдання, дзе расказваецца пра паходжанне ГІяцынта, прысутнічае спасылачная глёса: «Nicolaus Hussovianus in lib[ro] de vita et miraculis S. Hyacinthi»[9].

Зноскі

  1. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 3.
  2. 2,0 2,1 Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 4.
  3. Дорошкевич, В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы : Первая половина XVI века / В. И. Дорошкевич. — Минск: Наука и техника, 1979. — С. 208.
  4. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 9.
  5. 5,0 5,1 Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 5.
  6. 6,0 6,1 Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 7.
  7. 7,0 7,1 Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 6.
  8. 8,0 8,1 Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 8.
  9. [Bzovius A.] Propago D. Hyacinthi Thaumatugri Poloni, seu De rebus praeclare gestis in Provincia Polonia Ordinis Praedicatorum. Commentarius. F. Abraham Bzovii Sacrae Theologiae Magistri, Ord. Praedic. — Venetiis, 1606. — Apud Societatem Minimam. Superiorum permissu. — [275] s.