Перайсці да зместу

Зорка Венера (песня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зорка Венера
Выканаўца Песняры, Георгій Аляксандравіч Калдун, Сябры і J:морс
Мова песні беларуская
Аўтар Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі
Кампазітар

Зорка Венера — песня (раманс) Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш «Зорка Венера» Максіма Багдановіча, напісаны ў 1912 годзе.

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…

Выкарыстанне ў оперы і аўтарства

[правіць | правіць зыходнік]

Раманс «Зорка Венера» стаў лейтматывам оперы «Зорка Венера» кампазітара Юрыя Семянякі, пастаўленай на лібрэта Алеся Бачылы ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам дырыжора Кірыла Ціханава рэжысёрам Сямёнам Штэйнам. З-за таго, што Сямён Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведачнай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў оперы «Зорка Венера» аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.