Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі
Symon Rak-Michajloŭski.jpg
у 1926—1932 гадах
Пасол I кадэнцыі сейма Польскай Рэспублікі
5 лістапада 1922 — 27 лістапада 1927
Сябра Найвышэйшай Рады БНР
13 снежня 1919 — 10 ліпеня 1921
Сябра Рады БНР
18 сакавіка 1918 — 13 снежня 1919
Старшыня Цэнтральнай беларускай вайсковай рады
19 лістапада 1917 — 1918
 
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада (да чэрвеня 1918)
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (з чэрвеня 1918)
Беларуская сялянска-работніцкая грамада (з 24 чэрвеня 1925)
Адукацыя: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя
Дзейнасць: публіцыст, журналіст, палітык
Нараджэнне: 2 (14) красавіка 1885
Максімаўка, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 27 лістапада 1938(1938-11-27) (53 гады)
Менск, БССР, СССР
Жонка: Надзея Мусолава
Дзеці: Рагвалод Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі
Рагнеда Аляксандраўна Рак-Міхайлоўская

Сымо́н Алякса́ндравіч Рак-Міхайло́ўскі (2 (14) красавіка 1885, в. Максімаўка, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Маладзечанскі раён Мінская вобласць — 27 лістапада 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог. Дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Рады БНР, Пасол I кадэнцыі сейма Польскай Рэспублікі (19221927). Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Публікаваўся ў газетах Наша Ніва, Беларусь, Звон і інш. Аўтар музыкі на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Ахвяра сталінскіх рэпрэсій.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маладосць[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і беларусаў Алеся і Марцэлі (у дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх[1]. Сям’я мела сялянскае паходжанне, праваслаўныя[2]. Двайное прозвішча прыняў толькі Сымон, нібыта дзеля таго, што знайшоў нейкія дакументы, якія сведчылі, што менавіта так гучала прозвішча ягонага далёкага продка[3]. У дзесяць гадоў Сымон застаўся без бацькі, таму з ранняга ўзросту працаваў пастушком[2]. У 14 гадоў нейкі час працаваў дрывасекам у панскім лесе каля Сёмкава Гарадка[2].

У 1900 годзе ў 15-гадовым узросце скончыў пачатковую школу ў Радашковічах. У 1900—1904 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі[4]. У 1904—1909 гадах настаўнічаў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветнай дзейнасцю, збіраў фальклор[5]. У час рэвалюцыі 19051907 гадоў прапагандаваў ідэі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу[5]. У 1906 годзе за распаўсюджванне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вілейцы. Жадаў працягнуць адукацыю ў Віленскім настаўніцкім інстытуце (паводле іншых звестак — у нейкай з вышэйшых навучальных устаноў Санкт-Пецярбурга), аднак не быў прыняты праз «неблаганадзейнасць»[6]. Праз пераследаванні ўлад вымушаны з’ехаць у Крым[5]. У 1912 годзе ў Феадосіі скончыў педінстытут[4]. Займаў пасаду выкладчыка чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча жаночай гімназіі ў горадзе Карасубазар (Крым)[6]. У Феадосіі пабраўся шлюбам з маладой настаўніцай-грачанкай Надзеяй Мусолавай. У 1912 годзе нарадзіўся сын, які атрымаў імя Рагвалод[6]. У 1919 годзе ў іх народзіцца дачка, якая атрымала імя Рагнеда[6].

Улетку 1914 года мабілізаваны ў армію. У франтавыя акопы не патрапіў, відаць, з прычыны праблемаў са здароўем[6]. Да верасня 1917 года служыў пісарам у канцылярыі 24-га транспарту 5-га абознага батальёна 10-й расійскай арміі[6]. Вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод жаўнераў[5]. Пачаў публікавацца ў 1915 годзе (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай Ніве»)[4].

Пачатак дзейнасці ў беларускім руху[правіць | правіць зыходнік]

Пасяджэнне Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, кастрычнік 1917 года. Сымон Рак Міхайлоўскі сядзіць чацвёрты з правага боку

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Мінску[4]. У пачатку 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё[5]. У сакавіку 1917 года ўдзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый[5]. У кастрычніку 1917 года арганізаваў з’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, узначаліў створаную на з’ездзе Цэнтральную беларускую вайсковую раду[5]. На 3-м з’ездзе БСГ абраны ў склад ЦК[5]. Паралельна займаўся справай развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі, з’яўляючыся сакратаром беларускай школьнай падкамісіі пры Мінскай гарадской думе[7].

На Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Мінску ўваходзіў у прэзідыум, кіраваў пасяджэннямі, выступаў па пытанні арганізацыі беларускіх вайсковых фарміраванняў[5]. Пасля разгону з’езда ўвайшоў у Выканком яго Рады, разам з Аляксандрам Цвікевічам і Янам Серадом накіраваны на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск[5]. Паводле Аляксандры Бергман, да Брэста Рак-Міхайлоўскаму давялося дабірацца пехатою[7]. Беларуская дэлегацыя была затрыманая бальшавікамі перад лініяй фронту і толькі акружной дарогай, праз Украіну, трапілі ў Брэст. У пасяджэнні яны не ўдзельнічалі, бо на гэта не пагадзіся Леў Троцкі, тлумачачы адмову тым, што Беларусь не прызнаная Савецкай Расіяй, а значыць — складае частку Расіі[8]. Беларускія дэлегаты змаглі ўзяць удзел у канферэнцыі толькі ў якасці назіральнікаў з украінскага боку[8]. 25 лютага 1918 года разам з Цвікевічам падаў кароткую даведку пра гісторыю беларускага руху і пра становішча беларускага пытання да лютага 1918 года прадстаўніку нямецкай дэлегацыі Шылеру[7]. Брэсцкі мірны дагавор быў падпісаны без уліку іх думкі, што сталася вынікам агульнай палітычнай слабасці Выканкама Рады Усебеларускага з’езда і адсутнасці ў яго рэальнай улады[7].

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, накіраваны з Аляксандрам Цвікевічам на перамовы ў Кіеў з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі[7]. Дэлегацыя мусіла афіцыйна паведаміць УНР, а праз яе радыётэлеграф і ўсім народам, пра абвяшчэнне незалежнасці БНР, высветліць магчымасці атрымання грашовай пазыкі для ўрада БНР, наладзіць гандлёвы абмен паміж дзвюма краінамі і пастаянную прамую сувязь паміж іх сталіцамі[7]. Акрамя таго, меркавалася вырашыць пытанне аб двухбаковай граніцы на аснове этнаграфічнага прынцыпу, а таксама дасягнуць міжнароднай падтрымкі Украіны ў вызначэнні заходніх і паўночных граніц Беларусі на той жа аснове[9]. Бальшыні задачаў прадстаўнікам БНР рэалізаваць не ўдалося, галоўным чынам па прычыне тагачаснай геапалітычнай сітуацыі. Дэлегацыя БНР была адкліканая з Кіева ў Менск 10 чэрвеня 1918 года. Рак-Міхайлоўскі вярнуўся на радзіму пазней, увосень 1918 года, бо яшчэ перад канчатковым завяршэннем працы місіі выехаў у Крым, каб забраць у Менск сям’ю[10]. Выказваў пратэст супраць накіраванай 26 красавіка 1918 года германскаму кайзеру прывітальнай тэлеграмы[5]. Як прыхільнік народніцкага крыла БСГ выступаў за стварэнне ўласнай дзяржавы пры апоры на беларускі працоўны народ. Пасля расколу БСГ, які адбыўся ў чэрвені 1918 года, у выніку чаго арганізацыя падзялілася на 3 часткі, адзін са стваральнікаў і сябра ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Падтрымліваў цесныя сувязі з Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў[5]. Па вяртанні ў Менск займаўся арганізацыяй беларускіх пачатковых школ[5]. У верасні 1918 — траўні 1919 года быў дырэктарам Менскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія былі створаныя Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі і пасля прыходу савецкай улады былі пераўтвораныя ў 1-я Менскія беларускія педагагічныя курсы пры Менскім беларускім педагагічным інстытуце[11].

Працягваў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху і ў часе польскай акупацыі Беларусі 1919—1920 гадоў. 10 жніўня 1919 года ў занятым палякамі Менску ўзнік прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый — Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), у склад якога сярод іншых дзеячаў, як прадстаўнік Рады БНР, увайшоў Рак-Міхайлоўскі. Узначаліў Беларускую цэнтральную школьную раду, адначасова працуючы інструктарам беларускай секцыі школьнага аддзела Менскага магістрата, дырэктарам курсаў беларусазнаўства[5][12]. У кастрычніку 1919 года згодна з дэкрэтам Юзафа Пілсудскага было распачатае стварэнне беларускага нацыянальнага войска і дзеля гэтага была зацверджаная Беларуская вайсковая камісія (БВК), Рак-Міхайлоўскі быў уключаны ў яе склад у якасці старшыні культурна-асветнай камісіі[12]. У сакавіку 1920 года ўвайшоў у арганізацыйны камітэт створанага ў Менску Беларускага праваслаўнага народнага брацтва імя Святых Кірыла і Лаўрэнта Тураўскіх, за мэту якога было пастаўлена «аб'яднанне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Святое праваслаўнае Веры на Беларускай зямлі і пашырэння нацыянальнай свядомасці сярод Беларускага Народу і ўмацавання паміж братчыкамі асноваў хрысціянскай маралі, добрага хрысціянскага жыцця і ўзаемнай помачы»[12]. Увайшоў у склад дэлегацыі на чале з Вацлавам Іваноўскім, якая 2024 сакавіка праводзіла перамовы са старшынёй камісіі для распрацоўкі праекта ўрэгулявання польска-беларускіх дачыненняў Леанам Васілеўскім. У выніку перамоў беларускаму боку ўдалося дамагчыся выдзялення палякамі некаторых субсідый на развіццё беларускай нацыянальнай адукацыі[12].

У снежні 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР, у выніку якой Рак-Міхайлоўскі ўвайшоў ва ўтвораную 13 снежня Найвышэйшую Раду БНР, якая выступала за далейшае выкананне абавязкаў прэм’ера Рады БНР Антонам Луцкевічам. Розніца дзвюх Радаў (Найвышэйшая і Народная Рада БНР) палягала ў тым, што прыхільнікі Найвышэйшай Рады стаялі на больш памяркоўных прапольскіх пазіцыях, у той час як іх апаненты — на антыпольскіх[12]. Уваходжанне Рак-Міхайлоўскага, які дагэтуль прытрымліваўся радыкальных сацыялістычных поглядаў, у Найвышэйшую Раду было не вельмі лагічным[13]. Польскія спецслужбы ў міжваенны перыяд тлумачылі гэта тым, што Рак-Міхайлоўскі і іншыя блізкія яму ідэйна дзеячы ўваходзілі ў паланафільскія структуры з заданнем падрыву гэтых структур знутры[13].

Пасля пачатку наступлення Чырвонай Арміі на Варшаву ў 1920 годзе Рак-Міхайлоўскі пакінуў Менск, спачатку перабраўся ў Ваўкавыск, а ў ліпені ў Гродна. У часе кароткага перыяду існавання савецкай улады ў горадзе, Рак-Міхайлоўскі працуе школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаецца арганізацыяй школ у Гарадзенскім павеце. З сям’ёй Аркадзя Смоліча, з якімі ён у той час жыў у адной кватэры, Рак-Міхайлоўскі вырашае застацца ў горадзе і пасля савецкага адступлення 17 ліпеня 1920 года. Паводле Уладзіміра Адамушкі, ён быў вымушаны так зрабіць таму, што ў гэты час цяжка хварэлі на дызентэрыю ягоныя дзеці[13]. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне, супрацоўнічаў з газетай «Беларускае слова»[5].

Дзейнасць у Заходняй Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Будынак, у якім месцілася настаўніцкая семінарыі ў Барунах, колішні манастыр базыльянаў, 2014 год
Сымон Рак-Міхайлоўскі з жонкай Надзеяй, дачкой Рагнедай і сынам Рагвалодам. У двары Віленскай беларускай гімназіі, 1923 год
Сымон Рак-Міхайлоўскі

З канца верасня 1920 года Рак-Міхайлоўскі ўсё больш часу праводзіць у Варшаве і Вільні, а ў канцы студзеня 1921 года ягоная сям’я канчаткова перабіраецца ў Вільню, дзе ў кастрычніку 1920 года было створанае марыянеткавае дзяржаўнае ўтварэнне Сярэдняя Літва[14]. У Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы быў створаны беларускі аддзел, загадчыкам якога стаў Браніслаў Тарашкевіч[14]. У 19201921 гадах Рак-Міхайлоўскі працуе дырэктарам і настаўнікам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах[5].

У траўні 1921 года семінарыя ў Барунах была закрытая польскімі ўладамі, пасля чаго Рак-Міхайлоўскі канчаткова перабраўся ў Вільню[14]. 3 лета 1921 года загадваў беларускімі настаўніцкімі курсамі ў Вільні, адначасова з восені выкладаючы матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі[14][5].

Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускага выдавецкага таварыства, сябра Таварыства беларускай школы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў (1922—1925)[5].

Пры арганізацыі беларускага школьніцтва мае расчараванне праз сутыкненне з непрыхільнай да беларушчыны пазіцыяй польскага кіраўніцтва Сярэдняй Літвы. У сувязі з гэтым яшчэ больш радыкалізуецца ягоная ўласная палітычная пазіцыя. 30 сакавіка 1921 года Янка Чарапук пісаў да Вацлава Ластоўскага, што «Сымон рак кажэ: адно трэба рабіць, за бомбы і рэвальвэры трэба ўзяцца»[15]. Уступіў у створаны 17 красавіка 1921 года прапольскі Беларускі дзяржаўны камітэт, але расчараваўся ў ім адным з першых, разам з Максімам Гарэцкім выйшаў з яго пасля некалькіх сходаў[16][15]. Пачынае адкрыта выказвацца за аднаўленне парушанага ў снежні 1919 года адзінства Рады БНР. 10 ліпеня 1921 года Рак-Міхайлоўскі разам з Кузьмом Цярэшчанкам у лісце да Браніслава Тарашкевіча абвясцілі аб спыненні нават фармальнага існавання Найвышэйшай Рады БНР[15]. У 1921 годзе Рак-Міхайлоўскі быў адным з тых, хто выступаў за паразуменне Віленскага БНК з ковенскім урадам БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім[15].

У канцы 1921 года актыўна падтрымаў ідэю байкоту беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі выбараў у Сойм Сярэдняй Літвы(бел. (тар.)) бел., якія былі прызначаны польскімі ўладамі на 8 студзеня 1922 года і фактычна мелі ролю плебісцыту, які мусіў развязаць спрэчку паміж Польшчай і Літвой аб будучай дзяржаўнай прыналежнасці Віленскай зямлі[15]. Бальшыня беларускіх дзеячаў у той час стаяла на баку Літвы, якая паабяцала беларусам аўтаномію. У выбарах узялі ўдзел 64,4% усіх выбаршчыкаў, такім чынам беларускім дзеячам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты[15]. 20 лютага 1922 года Віленскі сойм, выбраны без іх удзелу, прыняў рашэнне аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы, а 28 сакавіка Сойм распушчаны, 6 красавіка быў прыняты закон аб перадачы ўлады над Віленшчынай дэлегату польскага ўрада[15].

У жніўні 1922 года беларускія арганізацыі актыўна ўключыліся ў выбарчую кампанію ў польскі парламент. Сымон Рак-Міхайлоўскі афіцыйна ўвайшоў у склад Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта (БЦВК) і быў пастаўлены другім пасля Антона Аўсяніка месцы ў спісе Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) у Лідскай акрузе[17]. У часе выбарчай кампаніі не прыняў актыўнага ўдзелу, ёсць факты яго таемнага супрацоўніцтва з віленскімі камуністамі[17]. У лістападзе 1922 года выбраны паслом сейма Польскай Рэспублікі.

Не прымаў актыўнага ўдзелу ў парламенцкай працы, займаючыся кантактамі з беларускімі савецкімі ўладамі ў Менску, і урадам БНР на эміграцыі[18]. За 4 гады выканання пасольскіх абавязкаў усяго 4 разы (12 лютага 1924 года, 6 ліпеня і 12 снежня 1925 года, 21 ліпеня 1926 года) выступіў з сеймавай трыбуны і падаў ад свайго імя толькі 4 запыты, якія ў асноўным тычыліся правоў беларускага насельніцтва ў справе атрымання адукацыі на роднай мове (з іх 3 — у пачатку 1926 года)[19]. Фармальна ўваходзячы ў сеймавыя камісіі (аховы здароўя, прававую камісію, камісію грамадскай апекі) актыўнага ўдзелу ў іх працы не браў[19]. Часта ездзіў па Заходняй Беларусі (у асноўным па Віленшчыне і паўночнай Наваградчыне) і праводзіў так званыя «справаздачныя мітынгі», якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Пасольская недатыкальнасць дазваляла Рак-Міхайлоўскаму адкрыта і больш радыкальна выказваць свае думкі, чым тыя дзеячы, што не мелі пасольскага мандата[19]. Разам з некаторымі аднадумцамі прымаў удзел у падрыхтоўцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі антыпольскага паўстання, таемна наведваў месцы фармавання партызанскіх атрадаў[19]. Сяргей Хмара, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Слонімшчыне, згадваў частыя патаемныя наведванні Рак-Міхайлоўскага[19].

У пачатку 1925 года кіраўніцтва кампартый Заходняй Беларусі і Польшчы прызнала памылковым курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Цэнтральныя камітэты КПРП і КПЗБ заклікалі камуністаў і партызан спыніць узброеную барацьбу як несвоечасовую і акцэнтаваць увагу на шырокай палітмасавай і арганізацыйнай працы сярод жыхароў Заходняй Беларусі[20]. Дзеля выканання гэтых задач была вырашана заснаваць масавую беларускую радыкальную арганізацыю — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Першым крокам у гэтым кірунку стаў раскол Беларускага пасольскага клуба і стварэнне асобнай беларускай парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы — пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ, чэрвень 1925)[5]. Рак-Міхайлоўскі — намеснік старшыні ЦК БСРГ, арганізатар Цэнтральнага сакратарыята БСРГ, кіраўнік яе рэдакцыйнага камітэта. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ»[4]. Рак-Міхайлоўскі быў старшынёй Нагляднай рады Беларускага кааператыўнага банка, праз які праходзіла значная частка фінансавых сродкаў з БССР для арганізацыі працы БСРГ[20]. З 1926 года старшыня Нагляднай рады Таварыства беларускай школы[5]. У многіх крыніцах напісана, што Рак-Міхайлоўскі ў 1926 годзе ўступіў у КПЗБ[5]. Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначае, што дакладных звестак аб уступленні Рак-Міхайлоўскага ў КПЗБ няма[21].

У час разгрому БСРГ арыштаваны польскімі ўладамі. Быў затрыманы 15 студзеня 1927 года на вакзале ў Вільні[22]. Наступныя тры месяцы правёў ў віленскай Лукішскай турме, а пасля ў турме для палітычных зняволеных у Вронках[22]. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 года на «працэсе 56-і» за «камуністычную прапаганду» прыгавораны да 12 гадоў зняволення[5]. Быў накіраваны разам з Максімам Бурсевічам у Каранова Пазнаньскага ваяводства[22]. У студзені 1929 года апеляцыйны суд паменшыў тэрмін да 6 гадоў зняволення, увесну 1930 года датэрмінова вызвалены[5].

Пераезд у БССР, рэпрэсіі і смерць[правіць | правіць зыходнік]

Тагачасны Другі дом Саветаў (гістарычны Дом Свянціцкага, цяперашні адрас — рог вул. К. Маркса і Леніна 30/13), у якім Сымон Рак-Міхайлоўскі быў арыштаваны 16 жніўня 1933 года

З іншымі беларускімі дзеячамі ў кастрычніку 1930 года пераязджае ў Менск[5]. Па прыездзе ў Менск Рак-Міхайлоўскі і іншыя Грамадоўцы змясцілі свае подпісы на камуністычных перадвыбарчых пракламацыях (выбары ў польскі парламент адбываліся ў лістападзе 1930 года) Цэнтральнага беларускага сялянска-рабочага камітэта «Змаганне», на што, паводле Мухі-Мухноўскага, не пагаджаліся ў Вільні[23]. У пракламацыях паліваліся брудам усе беларускія нацыянальныя дзеячы некамуністычнай арыентацыі[23].

Працаваў у сектары навукі Наркамата Асветы БССР. З лютага 1931 года і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 гадах быў сябрам ЦВК БССР[4].

Арыштаваны ДПУ БССР 16 жніўня 1933 года ў Менску па адрасе: вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»[24]. Паўгода правёў у турме менскага ДПУ[23]. Рашэннем судовай калегіі АДПУ СССР ад 9 студзеня 1934 года як «аргані­затар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прыгавораны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лагераў[24]. Пакаранне адбываў у Салавецкіх лагерах, куды быў накіраваны з іншымі фігурантамі справы (Пятром Мятлом, Ігнатам Дварчаніным, Язэпам Гаўрылікам, Максімам Бурсевічам, Флягонтам Валынцом)[25][4]. Украінскі дзеяч Сямён Підгайны(укр.) бел., які ў той час адбываў зняволенне на Салаўках, у сваіх успамінах «Недостріляні»(укр.) бел. пісаў пра грамадоўцаў[25][26]:

Няшчасныя і зблажэлыя прыбылі на Салаўкі гэтыя валадары, што сталіся апошнімі нявольнікамі. З іх найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак-Міхайлоўскі. Не ведаю пра ягонае мінулае, не ведаю і пра ягоную дзейнасць у савецкай Беларусі. Магу сцвердзіць толькі толькі адно, што гэты чалавек сапраўды адкрыта і без жаднага жалю сказаў "Так нам і трэба". Мне давялося колькі разоў размаўляць з Рак-Міхайлоўскім, і ён зрабіў на мяне добрае ўражанне. Здавалася, што чалавек, у якога галава была набіта ўшчэнт усялякім саветафільскім мэтлахам, не можа гэтак хутка прыйсці да памяці, але ў Рак-Міхайлоўскага гэты чад хутка развеяўся. Ён рашуча і катэгарычна асуджаў усё, ува што так слепа паверыў, і так ён караў сябе за мінулае. На Салаўках ён трымаў сябе незалежна, працаваў на цяжкіх фізічных працах, скрозь і заўсёды падкрэсліваў сваю нянавісць на бальшавізму і Масквы, і ўрэшце неяк у 1936 годзе трапіў у адзін з салавецкіх ізалятараў. Адтуль пра яго я не меў ніводных вестак.

5 верасня 1937 года этапаваны ў Менск; 14 лістапада 1938 года «асобай тройкай» НКУС БССР як «агент 2-га аддзела польскага генштаба» прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў Менску[4]. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі 18 красавіка 1956 года. Асабовая справа Рак-Міхайлоўскага № 10182-с (спынена 16 жніўня 1956) захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[4].

Публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Першы артыкул «3 думак у паходзе» надрукаваў у газеце «Наша ніва» 5 чэрвеня 1915. Публікацыі 1917—1918 гадоў («Да беларускай інтэлігенцыі і вясковых вучыцеляў», «Зберагайце нашу песню»), брашура «Гутарка аб беларускай мове» (1919) прасякнуты занепакоенасцю аўтара праблемай захавання мовы, культурнай спадчыны беларускага народа[5].

Рэгулярную публіцыстычную творчасць пачаў у 1919 годзе на старонках газет «Беларусь», «Звон», часопіса «Родны край» і іншых заходнебеларускіх выданняў нацыянальна-вызваленчага кірунку. Друкаваўся пад псеўданімамі: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак; Крыптанімы: С. Р., Р.-М., Сымон Р., Сымон Р-к У шматлікіх артыкулах выступаў у абарону беларускіх школ, за сацыяльную справядлівасць, супраць рабавання польскімі ўладамі прыродных багаццяў Заходняй Беларусі[5].

Рэдактарскія здольнасці асабліва праявіліся ў друку БСРГ. Падрыхтаваў тэкст арганізацыйнага статута БСРГ (апублікаваны разам з праграмай у 1926 годзе ў Вільні), рэдагаваў «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і іншыя выданні[5]. У выступленнях на віленскім працэсе 56-і над членамі грамады Рак-Міхайлоўскі не адмовіўся ад папярэдняй сваёй дзейнасці, даў высокую ацэнку нацыянальна-вызвольнаму руху:

" Грамада скалыхнула наш народ і гэта — яе вялікая заслуга[27]. "

У публікацыях у БССР ён абараняў палітзняволеных, ТБШ, беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі[27].

Аўтар «Арыфметычнага задачніка для пачатковых школ» (ч. 2, 1923), брашуры «Страшны вораг: (Кніжка пра гарэлку)» (1924)[27].

Паэтычная і музычная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сымон Рак-Міхайлоўскі напісаў музыку да раманса на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера»[27]. Праз тое, што С. Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведачнай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў оперы «Зорка Венера» аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку[28].

Рак-Міхайлоўскаму прыпісваюць аўтарства дуэта-балады «Што за хлопец, што за дзяўчына?»[5].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Памятная дошка на колішнім будынку манастыра базыльянаў у Барунах, у якім у 1920—1922 гадах дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў Сымон Рак-Міхайлоўскі

У 1982 годзе на ўшанаванне памяці Сымона Рак-Міхайлоўскага ў цэнтры вёскі Максімаўка Маладзечанскага раёна ўстаноўлены мемарыяльны знак[29].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Гутарка аб беларускай мове. Мн., 1919;
  • Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клубу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў соймавага клубу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Вільня, 1926.
  • Турэмны дзённік Сымона Рак-Міхайлоўскага // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 48—97.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Пашкевіч А., 2007, с. 4
  2. 2,0 2,1 2,2 Пашкевіч А., 2007, с. 5
  3. Пашкевіч А., 2007, с. 4—5
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 4,8 Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  5. 5,00 5,01 5,02 5,03 5,04 5,05 5,06 5,07 5,08 5,09 5,10 5,11 5,12 5,13 5,14 5,15 5,16 5,17 5,18 5,19 5,20 5,21 5,22 5,23 5,24 5,25 5,26 5,27 Вабішчэвіч А., 2001, с. 88
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 6,5 Пашкевіч А., 2007, с. 6
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 Пашкевіч А., 2007, с. 7
  8. 8,0 8,1 Міхалюк Д., 2015, с. 186
  9. Пашкевіч А., 2007, с. 7—8
  10. Пашкевіч А., 2007, с. 8
  11. Пашкевіч А., 2007, с. 9—10
  12. 12,0 12,1 12,2 12,3 12,4 Пашкевіч А., 2007, с. 10
  13. 13,0 13,1 13,2 Пашкевіч А., 2007, с. 11
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 Пашкевіч А., 2007, с. 12
  15. 15,0 15,1 15,2 15,3 15,4 15,5 15,6 Пашкевіч А., 2007, с. 13
  16. Латышонак А., 2014, с. 195
  17. 17,0 17,1 Пашкевіч А., 2007, с. 14
  18. Пашкевіч А., 2007, с. 17
  19. 19,0 19,1 19,2 19,3 19,4 Пашкевіч А., 2007, с. 18
  20. 20,0 20,1 Пашкевіч А., 2007, с. 19
  21. Пашкевіч А., 2007, с. 21
  22. 22,0 22,1 22,2 Пашкевіч А., 2007, с. 20
  23. 23,0 23,1 23,2 Пашкевіч А., 2007, с. 25
  24. 24,0 24,1 Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  25. 25,0 25,1 Пашкевіч А., 2007, с. 26
  26. Підгайны С., 1949, с. 111
  27. 27,0 27,1 27,2 27,3 Вабішчэвіч А., 2001, с. 89
  28. Аўтарства ў музыцы. kimpress.by (1 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 11 траўня 2017. Праверана 11 траўня 2017.
  29. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, зтнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. — Мн.: 1996.
  • Бобер М., Ватковіч Г. У памяць аб С. А. Рак-Міхайлоўскім // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1984. — № 3.
  • Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар, 1980. — Беласток: 1980.
  • Bergman A. Szymon Rak-Michajłowski (польск.)  // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. — Warszawa: 1984.
  • А. Вабішчэвіч Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. с. — 10000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Латышонак А. Жаўнеры БНР — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.
  • Пашкевіч А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: старонкі жыцця і дзейнасці // Куфэрак Віленшчыны / М. Казлоўскі. — Маладзечна: 2007. — № 1 (12). — С. 4–30.
  • Підгайны С. Недостріляні (у двох частінах: Ч.1) — «Україна», 1949. — 131 с.
  • Яновіч С. Моцны чалавек грамады // Ніва. — Беласток: 1985.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]