Кадры Сімсан (эст.: Kadri Simson, народжаная Кадры Муст, эст.: Kadri Must; нар. 22 студзеня1977, Тарту) — эстонскі і агульнаеўрапейскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, міністр эканомікі і інфраструктуры з 2016 па 2019 год, камісар па энергетыцы з 1 снежня 2019 года.
Бацька — палітык Ааду Муст. У 2000 годзе скончыла з адзнакай гістарычны факультэт Тартускага ўніверсітэта, у 2003 годзе атрымала ступень магістра паліталогіі ва Універсітэцкім каледжы Лондана. У канцы 90-х гадоў яна працавала, сярод іншага, ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. У 1995 годзе ўступіла ў Цэнтрысцкую партыю. З 2001 па 2002 год працавала дарадцам мэра Таліна. З 2003 па 2007 год яна была генеральным сакратаром Цэнтрысцкай партыі. З 2005 па 2006 год — сябра гарадской рады Таліна. На выбарах у 2007 годзе яна ўпершыню атрымала мандат члена Рыйгікогу. З 2009 па 2016 год Сімсан была старшынёй фракцыі Цэнтрысцкай партыі ў Рыйгікогу.
У лістападзе 2015 года прайграла выбары старшыні Цэнтрысцкай партыі Эдгару Савісаару.
23 лістапада 2016 года Сімсан стала міністрам эканомікі і інфраструктуры ва ўрадзе Юры Ратаса. Яна займала гэтую пасаду да 29 красавіка 2019 года.