Калабарацыянізм у Вялікай Айчыннай вайне
Калабарацыянізм у Вялікай Айчыннай вайне — супрацоўніцтва грамадзян СССР з краінамі Восі.
Савецкімі ўладамі з’ява калабарацыянізму характарызавалася як супрацоўніцтва з акупантамі і кваліфікавалася як здрада Радзіме. Калабарацыяністамі станавіліся ідэйныя праціўнікі савецкай улады; нацыяналістычна настроеныя асобы ў савецкіх рэспубліках; дэзерціры; частка ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва, якія бачылі ў супрацоўніцтве з ворагам адзіную магчымасць выжыць ва ўмовах акупацыі або палону. У Вялікую Айчынную вайну ад 200 тысяч да 1,5 млн чалавек у той ці іншай ступені супрацоўнічалі з германскімі ўладамі.
Адным з напрамкаў дапамогі нацыстам — удзел у ваенізаваных фарміраваннях. Яны камплектаваліся не толькі з жыхароў СССР, але і з дарэвалюцыйнай Расіі (гл. Белая эміграцыя). У пачатку 1942 года германскае ваеннае камандаванне прыступіла да стварэння падраздзяленняў і часцей з ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва для аховы тылу. Неабходнасць мабілізацыі савецкіх грамадзян дыктавалася ў першую чаргу вялікімі стратамі на фронце і нарастаннем партызанскага руху.
Падраздзяленні калабарантаў называліся «ўсходнімі войскамі» (ням.: Osttruppen). Вылучаліся 4 групы: «хіві» – асобы, якія служылі ў германскіх часцях на дапаможных работах; паліцэйскія каманды «шуцманшафты» — дапаможная паліцыя германскага ваеннага і грамадзянскага кіравання на акупаваных тэрыторыях; ахоўныя часці — узброеныя фарміраванні, прызначаныя для барацьбы з партызанамі і аховы аб’ектаў тылу; баявыя часці — ваенныя фарміраванні, прызначаныя для вядзення баявых дзеянняў на фронце.
Акрамя таго, германская ваенная разведка (абвер) і Галоўнае ўпраўленне СС размяшчалі разнастайнымі школамі, камандамі і часцямі, укамплектаванымі калабарацыяністамі, для вядзення разведвальнай, прапагандысцкай, дыверсійнай і іншай працы ў тыле праціўніка. Савецкія грамадзяне служылі таксама ў баявых войсках СС і былі ўцягнуты ў адміністрацыйную і гаспадарчую дзейнасць акупацыйных уладаў.
Пасля паражэння ў Сталінградскай бітве ў сувязі з ненадзейнасцю «ўсходніх войск» германскае камандаванне перавяло асноўную масу гэтых часцей у Заходнюю Еўропу і на Балканы для барацьбы з удзельнікамі руху супраціву.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Коллаборационизм // Большая российская энциклопедия