Камаедзіца

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Камаедзіца — беларускае народнае свята, звязанае з сустрэчай вясны, лічыцца праявай татэмізму. Уключае ў сябе шэсце пераапранутых з удзелам мядзведзя і святочны абед, імітуюцца звычкі жывёлы. Святкуецца дваццаць чацвёртага сакавіка перад Дабравешчаннем. Назва свята паходзіць ад камоў[1] (літаральна: есці камы) — сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся ласункам лясной істоты.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць некалькі версій.

  • На свята прынята было адносіць у лес крыху гарохавай кашы, быццам на пачастунак мядзведзю, які прачынаецца пасля зімы. Гарохавая каша зліпалася ў камы. Адсюль магла пайсці і назва свята: ”камаедзіца” - ”камы есці”.
  • Ёсць гіпотэза, што ”кам” - старажытная назва гаспадара. Гэтак жа маглі зваць і мядзведзя як ”гаспадара лесу”.

Праблема даты[правіць | правіць зыходнік]

У старажытны час пэўнай даты святкавання Камаедзіцы, відаць, не было, свята было звязана з перыядам, калі зіма адступае, калі абуджаюцца мядзведзі. Па некаторых звестках, Камаедзіцай зваўся першы (або апошні) дзень першага тыдня пасля веснавога раўнадзенства.

Святкаванне[правіць | правіць зыходнік]

Ласункі[правіць | правіць зыходнік]

На стол ставіліся лепшыя стравы.

  • Аладкі, аздобленыя мёдам, алеем ці свіным салам. Круглыя, жоўтыя, гарачыя, - сімвалізавалі сонца, якое ”павярнулася на дзень” (то бок дзень пачаў павялічвацца) і будзе грэць усё цяплей.
  • Гарохавая каша. Паводле павер’яў, гэта любімы ласунак мядзведзя. Частку яе сімвалічна адносілі ў лес, быццам мядзведзю на пачастунак.
  • Рэпа.
  • Аўсяны кісель і інш.

Абрады[правіць | правіць зыходнік]

Месцам дзеля правядзення свята звычайна была гарадская плошча ці адкрытая мясцовасць побач з вёскай. У гэты дзень моладзь каталася на санках, кідалася снегам, качала адзін аднаго у гурбах. Абавязковай дэталлю свята былі людзі, апранутыя як мядзедзі. Яны нацягвалі на сябе вывернутыя тулупы (поўсцю наверх) ці нават сапраўдныя мядзвежыя скуры. Яны павінны былі ўвесь час заставацца на віду, танцаваць і гуляць разам з усімі. Увесь дзень бегаць у цяжкай шубе было нялёгка, вытрымаць гэта маглі толькі самыя моцныя і дужыя.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Камаедзіца - свята абуджэння прыроды, нараджэння новага лета. Сяляне радаваліся, што перажылі зіму. Лічылася, што мядзведзь на другі дзень пасля Камаедзіцы прачынаецца. Гэты звер, які хадзіў на двух нагах, еў як мясную так і раслінную ежу, лічыўся ў язычніцкі час продкам чалавека. На Камаедзіцу трэба было заручыцца прыхільнасцю мядзведзя, улагодзіць яго, каб ён не шкодзіў цягам будучага году. На здабычу гэтай прыхільнасці і была скіравана большасць святочных абрадаў. У старажытнасці мядзведзь быў увасабленнем бога Вялеса. Відаць, свята было прысвечана яму.

У Беларусі лічылася, быццам на свята Авечніцу мядзведзь кладзецца ў бярлогу і засынае на зімы. На Грамніцы пераварочваецца на іншы бок і сасе іншую лапу. На Дабравешчанне — прачынаецца і выходзіць з бярлогі.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 годзе Беларусьфільм выпусціў кароткаметражны мультфільм ”Якія сны сніць мядзведзь”. Паводле сюжэту, мядзведзь спіць у бярлозе і трымае ля сябе сонца. Таму на зямлю не можа прыйсці вясна.

Зноскі

  1. БЭ ў 18 тамах. Т.7, Мн., 1998, С.501.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]