Кантынентальны клімат

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Кантынентальны клімат — тып клімату, які характарызуецца спёкай улетку, сцюжай узімку і малой колькасцю ападкаў. Кантынентальны клімат фарміруецца пераважна ў выніку ўздзеяння на атмасферу буйных масываў сушы. Гэты тып клімату характэрны для ўнутраных рэгіёнаў мацерыкоў. Кантынентальны клімат пануе на значнай частцы тэрыторыі Расіі, краін Сярэдняй Азіі (напрыклад, Казахстан, Узбекістан), у Манголіі і ўнутраных рэгіёнах ЗША і Канады. Часткай свету з найбольшым распаўсюджваннем кантынентальнага клімату з'яўляецца Азія. Кантынентальны клімат прыводзіць да ўтварэння стэпаў і пустыняў, бо большая частка вільгаці мораў і акіянаў не даходзіць да ўнутрыкантынентальных рэгіёнаў.

Кантынентальны клімат умераных шырот[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмераных шыротах для кантынентальнага клімату характэрныя вялікая гадавая амплітуда тэмпературы паветра (спякотнае лета і халодная зіма), а таксама значныя змены тэмпературы на працягу дня. Ад марскога клімату кантынентальны адрозніваецца паніжанай сярэдняй гадавой тэмпературай і вільготнасцю, у некаторых выпадках павялічанай запыленасцю паветра. Для кантынентальнага клімату характэрна досыць малая хмарнасць і малая гадавая колькасць ападкаў, максімум якіх прыходзіцца на лета. Сярэдняя хуткасць ветравею, як правіла, таксама невялікая. Надвор'е ў рэгіёнах з кантынентальным кліматам больш зменлівае, чым у рэгіёнах з марскім кліматам.

Кантынентальны клімат тропікаў[правіць | правіць зыходнік]

У тропіках гадавыя ваганні тэмпературы паветра не такія вялікія, як ва ўмераных шыротах, а ападкаў выпадае больш, чым пры марскім клімаце.

Кантынентальны клімат палярных шырот[правіць | правіць зыходнік]

У палярных шыротах, для кантынентальнага клімату характэрныя вялікія гадавыя ваганні тэмпературы паветра і вельмі зімнае лета.

Сувязь з іншымі тыпамі клімату[правіць | правіць зыходнік]

Кантынентальны клімат можа ў саслабелым выглядзе распаўсюджвацца і на найбліжэйшыя да мацерыкоў часткі акіянаў, пры паступленні паветраных масаў з мацерыка на тэрыторыю над акіянам на працягу ўсяго года. Кантынентальны клімат адрозніваецца ад мусоннага клімату, які фарміруецца пераважна дзякуючы ўплыву кантынентальных паветраных масаў узімку і марскіх паветраных мас — улетку. Паміж марскім і кантынентальным кліматам існуюць паступовыя пераходы, напрыклад клімат Заходняй Еўропы пераважна марскі, Еўрапейскай часткі Расіі — умерана-кантынентальны, Усходняй Сібіры — рэзка кантынентальны, Далёкага Усходу — мусонны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]