Капліца ў памяць імператара Аляксандра II (Гомель)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца
Капліца ў памяць імператара Аляксандра II
Краіна  Беларусь
Горад Гомель
Саборная плошча
Канфесія праваслаўе
Тып будынка капліца
Архітэктурны стыль руска-візантыйская архітэктура
Будаўніцтва 1883
Матэрыял цэгла

Капліца ў памяць імператара Аляксандра II — колішняя праваслаўная капліца ў Гомелі, якая размяшчалася на Саборнай плошчы[1]. Вынік кампаніі па ўшанаванні расійскага імператара Аляксандра II, забітага нарадавольцамі 1 (13) сакавіка 1881 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З ініцыятывай узвядзення мемарыяльнай капліцы выступіла педагагічная грамадскасць Гомеля[2][1]. Праект яе пабудовы быў зацверджаны 20 ліпеня (1 жніўня) 1883 г. міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі Д. А. Талстым і прадугледжваў размяшчэнне капліцы на плошчы насупраць Петрапаўлаўскага сабора[3]. У тым жа годзе праект быў рэалізаваны[4].

Архітэктурны стыль будынка характарызаваўся сучаснікамі як маскоўскі[1] (г. зн. псеўдарускі). Будынак меў цэнтрычную кампазіцыю з квадратным планам, па чатырох баках вылучаўся арачнымі парталамі з трохлопасцевымі апраўленнямі ў выглядзе какошніка. Яго завяршалі васьмігранны шацёр з люкарнамі, невялікі барабан і цыбулепадобная галоўка. Увесь дэкор быў выкананы ў цэгле[4].

Апроч асноўнага памяшкання, праект прадугледжваў і дадатковыя — у падвале павінны былі знаходзіцца дзве кладоўкі і пакой вартаўніка. Над уваходам размяшчаліся выява ўсёвідушчага вока і паўкругам надпіс «В память Царя-Освободителя» (пры Аляксадры II у 1861 г. быў скасаваны прыгон), а непасрэдна над уваходнымі двухстворкавымі дзвярыма — абраз з выявай святога[3].

Мяркуючы па здымках пачатку ХХ ст., капліца была абгароджана штыкетнікам, у межах якога раслі дрэвы, а звонку стаялі бар’ерныя слупкі і як мінімум два ліхтары. За некалькі метраў знаходзіліся гандлёвыя рады[5].

Была знесена за савецкім часам, не раней за 1919 г.[6]

Яе рэпліка (з выкарыстаннем арыгінальнага праекта) ўзведзена ў 20212022 гг. на рагу вуліц Савецкая і Кірава, але прысвечана не Аляксадру II, а Аляксандру Неўскаму і савецкім воінам-вызваліцелям у Вялікай Айчыннай вайне[7].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 21.
  2. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 40.
  3. а б Проект часовни на площади против Петро-Павловского в городе Гомеле собора, в память в бозе почившего царя-освободителя Александра ІІ. — 1883.
  4. а б Литвинова, Т. Ф. Художественная жизнь Гомеля в конце XIX — начале XX в. // Искусство и культура. — 2012. — № 1 (5). — С. 88.
  5. Целеш, В. М. Гарады Беларусі на старых паштоўках [Выяўленчы матэрыял] / Вячка Целеш. — Мінск : Беларусь, 2014. — С. 141-142.
  6. На здымку перыяду кайзераўскай акупацыі капліца яшчэ цэлая.
  7. Капрыленка, Н. Капліцу святога князя Аляксандра Неўскага адкрылі ў Гомелі // Сайт газеты «Звязда». 11.08.2022