Перайсці да зместу

Капраліты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капраліты драпежных дыназаўраў. Выяўлены на паўднёвым захадзе Саскачэвана

Капралі́ты (ад стар.-грэч.: Κόπρος — «памёт» і λίθος — «камень») — выкапнёвыя, акамянелыя экскрыменты.

Капраліт яшчаркі з эацэну, знойдзены ў Бурундзі

Капраліты былі ўпершыню навукова інтэрпрэтаваныя Уільямам Баклэндам у 1829 годзе. Дагэтуль яны былі вядомыя як «выкапнёвыя шышкі» і «безааравыя камяні». У каменнавугальных адкладах Германіі выяўлены, усярэдзіне шарападобных сцягнутых сферасідэрытаў, канічныя капраліты з няяснымі спіральнымі разорамі, якія прыпісваюцца архегазаўру. З крэйдавых адкладаў як Германіі, так і Англіі даўно вядомыя разнастайныя, па форме нагадваюць то яловую, то лістоўнічную шышку, капраліты рыб (Macropoma і інш.), ад 2 да 5 см у даўжыню і складаюцца, галоўным чынам, з фосфарнакіслай вапны. Знойдзены і апісаны капраліты некаторых марскіх рэптылій (Ichthyosaurus).

Капраліты адрозніваюць ад палеафекалій. Як і ў іншых акамянеласцях, у капралітах вялікая частка арганікі заменена неарганічнымі мінераламі, такімі як сілікаты і карбанат кальцыю. У палеафекаліях вялікая частка арыгінальнага арганічнага складу захавалася і можа быць даследаваная. Вылучаюць таксама ураліты — прадукты эрозіі, створаныя заканчэннем вадкіх спаражненняў і мачавых вылучэнняў.

Памер капралітаў пазваночных жывёл часам дасягае да 60 см у даўжыню, маючы падоўжаную форму з кольчатымі выгібамі; колер — ад бурага да чорнага; аснова хімічнага складу — фасфат кальцыю. Памер капралітаў бесхрыбтовых складае ад 0,06 да 2 мм; іх часам яшчэ называюць фекальнымі пелетамі.