Карная аперацыя «Заяц-бяляк»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заяц-бяляк (ням.: Schneehase) — кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны (на захад ад чыгункі ПолацкНевель) 28 студзеня — 13 лютага 1943 года.

Праводзілася сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, батальёнаў 8-га паліцэйскага палка, гарнізонаў Себежа, Ідрыцы, Пустошкі, Новахаванска і спецыяльных гаспадарчых атрадаў. Карнікі наступалі па збежных напрамках з раёнаў возера Язна і станцыі Дрэтунь з мэтаю прыціснуць партызан да чыгункі Полацк — Ідрыца і знішчыць сустрэчным ударам з боку возера Асвейскага. У паўднёвым і паўночным напрамках стварыць перашкоду партызанам у прарыве даручалася 281-й ахоўнай дывізіі тылу групы армій «Поўнач», часцям 391-й вучэбна-палявой дывізіі і падраздзяленням паветранага флоту.

Рашэннем ваеннага савета камандзіраў партызанскіх брыгад створаны 2 ударныя групоўкі: паўночная — 1-я, 3-я, 5-я Калінінскія брыгады, 3 атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партызанскі атрад; паўднёвая — Дрысенская брыгада, атрады брыгад Асвейскай імя Фрунзэ, Расонскай імя Сталіна, «Спартак». У тыле карнікаў дзейнічала брыгада «Няўлоўныя», у рэзерве — брыгада імя С. М. Кароткіна. Тылы і флангі ўдарных груп прыкрывалі 4-я, 6-я, 10-я, 11-я Калінінскія брыгады, частка атрадаў Асвейскай брыгады імя Фрунзэ. Аб’яднаныя сілы партызан 11 лютага перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лютага выцеснілі праціўніка з Расонскага раёна. 14 лютага 1943 года амаль адначасова на ўсходзе і захадзе Віцебскай вобласці гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва» з мэтаю ўзяць рэванш за няўдачу ў гэтай аперацыі. У час аперацыі «Заяц-бяляк» карнікі знішчылі ў Расонскім раёне (па няпоўных звестках) 877 мясцовых жыхароў, у тым ліку ў вёсцы Альбрэхтава 45 чалавек, Байдзіна і Тродавічы 140 чалавек, Гарбачэва 120 чалавек, Двор Чарэпіта 63 чалавека, Ізбішча 36 чалавек, разам з жыхарамі знішчаны вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўе, Плігаўкі, Ражнова і іншыя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У. С. Пасэ, А. А. Фактаровіч. Заяц-бяляк // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 220. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.