Карп (Cyprinus carpio carpio) — рыба сямейства карпавых, культурная форма сазана.
Расселены ўсюды ў прэсных вадаёмах. Карпаводства ўзнікла ў Старажытным Кітаі. У Еўропе селекцыя вядзецца з часоў Старажытнага Рыма. Зыходная форма свойскага карпа — дунайскі карп. Сярод парод свойскага карпа адрозніваюцца лускаваты, люстраны, рамчаты, голы і інш.
Даўжыня да 1 м, маса да 16, зрэдку да 30 кг. Колер спіны звычайна чарнавата-зялёны, бакі жоўтыя з зеленаватым адлівам, бруха белаватае. Вочы залацістыя. Спінны плаўнік доўгі. Луска буйная, авальная. Рот з тоўстымі губамі.