Карынтыйскі плебісцыт
Карынтыйскі плебісцыт 10 кастрычніка 1920 года быў адным з рэферэндумаў, праведзеных на тэрыторыі этнічна змешаных рэгіёнаў Усходняй Еўропы з мэтай вызначэння іх тэрытарыяльна-адміністрацыйнай прыналежнасці да той ці іншай дзяржавы. Завяршыўся перадачай усёй плебісцытнай Карынтыі ў склад Аўстрыі нягледзячы на тое, што ў 2 з 4 плебісцытных акругах насельніцтва выказалася за далучэнне да будучай Югаславіі. Нягледзячы на супярэчлівыя вынікі рэферэндуму, мяжа, усталяваная ў выніку яго правядзення, была яшчэ раз пацверджана двухбаковым пагадненнем паміж Югаславіяй і Аўстрыяй у 1955 годзе.
Геапалітычная сітуацыя
[правіць | правіць зыходнік]Фактычна дадзены рэферэндум з'явіўся следствам Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919 года[1]. У неспакойныя 1920-я гады геапалітычная абстаноўка ў Еўропе мянялася хутка і непрадказальна. Калі яшчэ ў 1919 годзе ў краінах-пераможцах Першай сусветнай вайны, што ініцыявалі рэферэндум, пераважалі антынямецкія настроі, то ў 1920-м годзе Вялікабрытанія ўжо пачала баяцца ўзмацнення Францыі і СССР, які фармаваўся на кантыненце, а таму прыклала ўсе намаганні для мінімізацыі гэтых працэсаў за кошт умацавання межаў нямецкай дзяржавы на ўсходзе.
Умовы правядзення
[правіць | правіць зыходнік]На працягу 1919-1920 гг. Карынція, у якой большасць насельніцтва складалі этнічныя славенцы (70 %), падвергнулася этнічнаму джэрымендэрынгу, у ходзе якога невялікая, але палітычна значная частка яе тэрыторыі (даліна р. Межыца з Драваградам і Езерска) з выключна славенскім насельніцтвам была перададзена Каралеўству сербаў, харватаў і славенцаў без усялякага рэфэрэндуму[2]. Практычна цалкам славенская Зільская даліна таксама без плебісцыту перададзена Аўстрыі, а Канальская даліна, таксама без плебісцыту, была саступлена Італіі[3]. Гэтыя крокі паменшылі канцэнтрацыю славенцаў на тэрыторыях, на якіх павінен быў адбыцца плебісцыт. Сама плебісцытная тэрыторыя ў сваю чаргу была дадаткова падзелена на дзве зоны: пераважна славенскую зону А на поўдні і пераважна нямецкую зону Б на поўначы. Характэрна, што плебісцыт у паўночнай зоне Б павінен быў адбыцца толькі ў выпадку перамогі прыхільнікаў Югаславіі ў зоне А.
Агітацыя сярод насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Абодвум бакам, аўстрыйскаму і югаслаўскаму, дазвалялася праводзіць агітацыю ў параўнальна вольнай абстаноўцы, у адрозненне ад той жа Усходняй Прусіі, дзе нямецкія ўлады душылі прапольскую агітацыю. Тым не менш, напружанне захоўвалася: прааўстрыйскія агітатары паказвалі Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў як беднае, хаатычнае і эканамічна нестабільнае фармаванне. У сваю чаргу, праюгаслаўскі бок заклікаў да нацыянальных пачуццяў славянскай большасці, падкрэсліваючы павагу да простага ладу жыцця славянскіх сялян і незадаволенасць спекуляцыяй нямецкіх бюргераў.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]За Аўстрыю | За Югаславію | |
---|---|---|
Розег | 1 980 | 2 318 |
Ферлах | 6 427 | 4 981 |
Фёлькермаркт | 8 306 | 2 444 |
Бляйбург | 5 312 | 5 535 |
Усяго | 22 025 (59,1 %) | 15 278 (40,9 %) |
Аналіз вынікаў галасавання паказаў, што за Аўстрыю галасавалі практычна ўсе этнічныя немцы, жыхары гарадоў, а таксама 40 % мясцовых славенцаў, што і забяспечыла перамогу прааўстрыйскаму боку. За Югаславію прагаласавала 60 % славенцаў. Многія славенцы галасавалі за Аўстрыю толькі таму, што плебісцытная зона А была па-майстэрску праведзеная аж да прадмесцяў горада Цялоўца (цяпер Клагенфурт), але сам горад заставаўся па-за ёй. Такое размеркаванне зон выклікала ў славенскіх сялян боязь страціць рынак у Цялоўцы ў выпадку югаслаўскай перамогі. У выніку многія славенскія сяляне галасавалі за Аўстрыю[2].
Параўнанні
[правіць | правіць зыходнік]Характэрна, што інтэрпрэтацыя вынікаў Карынтыйскага рэферэндуму была значна больш бескампраміснай, чым аналагічнага плебісцыту ва Усходняй Прусіі. Нягледзячы на тое, што Вармінска-Мазурскі плебісцыт паказаў, што 98 % мазурскага насельніцтва пажадалі застацца ў складзе Германіі, арганізатары рэферэндуму ўсё ж саступілі Польшчы некалькі невялікіх памежных вёсак, дзе большасць насельніцтва прагаласавала за ўваходжанне ў склад Польшчы, нават нягледзячы на моцны нямецкі ціск. У Карынціі, дзе галасы падзяліліся амаль пароўну па геаграфічнай прыкмеце, ніякіх тэрытарыяльных канцэсій югаслаўскаму баку зроблена не было, нават нягледзячы на тое, што геаграфічна жыхары больш за паловы тэрыторыі зоны А ў Карынтыі, няхай і з меншай шчыльнасцю насельніцтва, выказалася за ўваходжанне ў склад Югаславіі. У некаторых памежных з Югаславіяй муніцыпалітэтах уздоўж хрыбта Караванке доля галасоў аддадзеных за Югаславію перавышала 90 %. Ім таксама не было дазволена далучыцца да апошняй.
Зноскі
- ↑ КАРИНТИЯ — Мегаэнциклопедия Кирилла и Мефодия — Статья
- ↑ а б Общие понятия о славянах. Сербия. Черногория. стр.248 Архівавана 13 кастрычніка 2013.
- ↑ Каринтия (историч. область в Европе) (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі