Касцёл Святой Ганны (Гарадзішча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Святой Ганны
Краіна  Беларусь
Горад Гарадзішча
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Дата заснавання 1775
Будаўніцтва 1775
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святой Ганны — колішні каталіцкі культавы комплекс у в. Гарадзішча, Пінскі раён[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1662 годзе быў пабудаваны драўляны кляштар бенедыктынаў з касцёлам. Касцёл быў фарным (парафіяльным), у 1671 годзе віленскім біскупам Аляксандрам Казімірам Сапегам была створана Гарадзішчанская парафія.

У сярэдзіне XVII стагоддзя пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які будавалі на працягу 30 гадоў на сродкі кляштара. У 1775 годзе адбылася кансекрацыя святыні пад тытулам святой Ганны. Адначасова з касцёлам разбудоўваўся і кляштарны комплекс, да канца XVII стагоддзя быў змураваны двухпавярховы жылы корпус.

Пасля паўстання Каліноўскага ў 1863—1864 гадах паўстала пытанне аб скасаванні кляштара. 24 ліпеня 1865 года кляштар быў ліквідаваны, манахі былі вымушаны пакінуць мястэчка, а маёмасць была разрабавана. Былы кляштар быў прададзены за невялікія грошы ва ўзнагароду за служэнне кіраўніку мінскай службовай палаты Дэ ля Гардзі (рускі генерал шведскага паходжання) пад «снос или переделку в жилое помещение для совершенного изменения настоящего наружного вида костельного здания».

Улетку 1899 года касцёл і кляштарныя будынкі былі прададзеныя на цэглу. Корпус быў разабраны, а разабраць будынак касцёла перашкодзіла каталіцкая грамада і парафіяне, якія паўсталі на абарону былой святыні. У касцёле паспелі разабраць толькі бабінец і вежачку. Цэгла, як паведамляюць дакументы, пайшла на стварэнне камяніц у Пінску.

У 1903 годзе маёнтак перайшоў ва ўласнасць памешчыка праваслаўнага веравызнання В. Тэадаровіча, які падтрымаў жаданне аднавіць касцёл. 18 лістапада 1905 года ксёндз Іваноўскі, які прыбыў з Пінска, здзейсніў набажэнства і асвячэнне храма. Праз нейкі час касцёл быў зноўку закрыты пад выглядам яго «дрэннага стану». У 1909 годзе мінскі губернскі архітэктар Дабралюбаў зрабіў агляд будынка, але нягледзячы на станоўчую ацэнку тэхнічнага стану, касцёл яшчэ доўгі час заставаўся закрытым, пакуль у 1914 годзе не быў выкуплены каталікамі. У 1920-х гадах будынак касцёла быў рэстаўраваны па праекце архітэктара Пшыбылоўскага.

У 1944 годзе перад адступленнем нямецкіх войскаў касцёл быў узарваны. Пасля вайны некаторы час захоўваліся парэшткі брамы-званіцы, кляштарнай мураванай агароджы і іншых будынкаў, але паступова яны былі ўтылізаваныя на будматэрыялы.

У цяперашні час з кляштарнага комплексу захаваўся двухпавярховы будынак, які першапачаткова выкарыстоўваўся як свіран (амбар), а пасля 1920 года перапланаваны пад жылы дом ксяндза. У 1948 годзе будынак рэканструяваны і прыстасаваны пад корпус абласной псіхіятрычнай бальніцы[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]