Квока

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Квока
Rottnest Quokka 2004 SeanMcClean.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  552754
NCBI  30670
EOL  127458
FW  190677

Квока ці Караткахвосты кенгуру (лац.: Setonix brachyurus), — адзіны прадстаўнік роду Setonix сем’і кенгуровых. Як і іншыя сумчатыя з сям’і кенгуровых (як кенгуру ды валабі), квока траваедная і ў асноўным начнога ладу жыцця.

Квокі жывуць на некаторых невялікіх астравах каля ўзбярэжжа Заходняй Аўстраліі, асабліва на востраве Ротнэст паблізу Перта і на востраве Балд паблізу Олбані. Ізаляваныя, разрозненыя папуляцыі таксама жывуць у лясах і ўзбярэжнай пустыні паміж Пертам і Олбані. Невялікая калонія насяляе падахоўную тэрыторыю прыроднага запаведніка Ту-Піплз-Бэй, дзе яны суіснуюць з патору Гілберта, відам пад пагрозай знікнення .

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Квока важыць ад 2,5 да 5,0 кг і мае даўжыню ад 40 да 54 см, з хвастом даўжынёй ад 25 да 30 см, што мала для кенгуровага. У яго каржакаваты целасклад, добра развітыя заднія лапы, круглявыя вушы і кароткая шырокая галава. Яго косцева-цяглічная сістэма спрадвечна была прыстасавана для наземных двухногіх перасоўванняў, але падчас эвалюцыі яго сістэма адаптавалася для перасоўвання па дрэвах. Хоць ён выглядае як вельмі маленькі кенгуру, ён можа залазіць на невялікія дрэвы і кусты вышынёй да 1,5 метра. Яго грубае футра шаравата-карычневага колеру, што пераходзіць у жаўтлява-карычневы пад ім. Вядома, што квока жыве ў сярэднім 10 гадоў. Квокі — начныя жывёлы; яны спяць удзень у Acanthocarpus preissii, каб шыпы расліны абаранялі і хавалі іх.

У квокі бязладная сістэма спарвання. Праз месяц цяжарнасці самкі нараджаюць адно дзіцяня, якое называюць «джоўі». Самкі могуць нараджаць два разы на год і агулам каля 17 дзіцянят за жыццё. Джоўі жыве ў сумцы сваёй маці цягам шасці месяцаў. Пасля таго як ён пакідае сумку, джоўі спадзяецца на малако сваёй маці яшчэ два месяцы і цалкам адлучаецца ад грудзей прыкладна праз восем месяцаў пасля нараджэння. Самкі становяцца полаваспелымі прыкладна праз 18 месяцаў. Калі самку квокі з дзіцянём у сумцы праследуе драпежнік, яна можа выпусціць дзіцяня на зямлю; джоўі выдае гукі, якія могуць прыцягнуць увагу драпежніка, а маці ўцякае.

Адкрыццё ды назва[правіць | правіць зыходнік]

Сям’я квокі

Квока ўпершыню апісана нідэрландскім мараком Сэмюэлем Волкертцунам, калі ён напісаў пра назіранне «дзікай коткі» на востраве Ротнэст у 1658 годзе. У 1696 годзе нідэрландскі даследнік Вілем дэ Вламінг прыняў іх за гіганцкіх пацукоў і назваў востраў «т-Эйландт-т-Ротэнэст», што значыць «востраў пацучынага гнязда» па-нідэрландску.

Слова «квока» паходзіць ад нюнгарскага слова, якое, напэўна, было gwaga.

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд плейстацэну квокі былі больш шматлікія і жылі на адкрытых ландшафтах. Калі еўрапейцы прыбылі ў Аўстралію, яны прывезлі новыя віды, некаторыя з якіх сталі драпежнікамі. Гэта прывяло да таго, што асяроддзе жыцця квок урэшце зрушылася на астравы і лясы, дзе была мінімальная колькасць драпежнікаў і болей расліннасці. У дзікай прыродзе жыццё квокі абмежавана вельмі невялікім арэалам на паўднёвым захадзе Заходняй Аўстраліі з некалькімі невялікімі разрозненымі папуляцыямі. Адна вялікая папуляцыя жыве на востраве Ротнэст, а меншая папуляцыя знаходзіцца на востраве Балд паблізу Олбані. На востраве няма некаторых драпежнікаў, як рудых ліс і котак. На Ротнэсце квокі — звычайныя жывёлы і займаюць самыя розныя месцы рассялення: ад паўзасушлівых хмызнякоў да культываваных садоў. Колкія расліны Acanthocarpus, праз якія не могуць прайсці людзі і іншыя адносна буйныя жывёлы, служаць іх упадабаным дзённым сховішчам для сну. Апроч таго, яны вядомы сваёй здольнасцю лазіць па дрэвах.

Харчаванне[правіць | правіць зыходнік]

Як і большасць кенгуровых, квокі кормяцца шмат якімі відамі расліннасці, у тым ліку травамі, асотам і лісцем. Даследаванне паказала, што Guichenotia ledifolia, невялікі від хмызняку сям’і мальвавых, з’яўляецца адным з упадабаных прадуктаў квокі. Наведнікаў вострава Ротнэст заклікаюць ніколі не карміць квоку, збольшага таму, што харчаванне «чалавечай ежай» можа выклікаць абязводжванне і недаяданне, шкодныя для здароўя квокі. Нягледзячы на адносную нястачу прэснай вады на выспе Ротнэст, квокі сапраўды маюць высокія патрэбы ў вадзе, якія задавальняюць галоўным чынам за кошт з’ядання расліннасці. На мацерыку квокі жывуць толькі ў раёнах, дзе выпадае 600 мм і больш ападкаў штогод. Квокі жуюць жуйку як каровы.

Папуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Квока на востраве Ротнэст

У часы каланіяльнага засялення квока была шырока распаўсюджана, яе арэал ахопліваў плошчу каля 41 200 км² на паўднёвым захадзе Заходняй Аўстраліі, уключала два прыбярэжных вострава — Балд і Ротнэст. Да 1992 года, пасля рэзкага скарачэння колькасці ў XX ст., папуляцыя квокі на мацерыку скарацілася больш за 50 % да плошчы каля 17 800 км².

Нягледзячы на тое, што квока шматлікая на невялікіх узбярэжных астравах, яна класіфікавана як уразлівая. На мацерыку, дзе ёй пагражаюць чужынныя для Аўстраліі драпежныя віды, такія як рудыя лісы, коткі і сабакі, для сховішча патрабуецца шчыльнае наглебавае покрыва. Лесанарыхтоўкі, прасекі, развіццё сельскай гаспадаркі і пашырэнне жыллёвага будаўніцтва скарацілі іх асяроддзе жыцця, спрыялі заняпаду віду, як і расчышчэнне і спаленне астатніх балотаў. Квокі звычайна гадуюць адно дзіцяня штогод. Хоць яны ўвесь час спарваюцца. Невялікі памер вывадка, разам з абмежаванай прасторай і небяспечнымі драпежнікамі, спрыяе малалікасці гэтага віду на мацерыку.

Прыблізна 4000 квок жывуць на мацерыку, пры гэтым амаль усе папуляцыі мацерыка складаюць групы меней за 50, але адна група колькасцю больш за 700 жыве ў паўднёвым лесе паміж Нанупам ды Дэнмаркам, але і яна скарачаецца. У 2015 годзе вялікі лясны пажар паблізу Норткліфа амаль знішчыў адну з мясцовых папуляцый на мацерыку, пры гэтым, па ацэнках, загінула 90 % з 500 квок.

У 2007 годзе папуляцыя квокі на востраве Ротнэст ацэньвалі ад 8 000 да 12 000 асобін. Змеі — адзіныя драпежнікі квокі на востраве. Папуляцыя на меншым востраве Балд, дзе ў квокі няма драпежнікаў, складае 600—1000 асобін. Пад канец лета і восенню на востраве Ротнэст адбываецца сезоннае змяншэнне квокі, дзе страта расліннасці і скарачэнне даступных павярхоўных водаў можа прывесці да голаду.

Від зазнае скарачэнне з 1930 па 1990-я гады, калі распаўсюджанне скарацілася больш за ўдвая. Колькасць і распаўсюджанне квокі заўважна скараціліся напачатку 1930-х гадоў, і гэта тэндэнцыя захоўваецца дагэтуль. Іх жыццё на мацерыку скарацілася да такой ступені, што яны сустракаюцца толькі невялікімі групамі ў зарасніках хмызнякоў, што акружаць Перт. Квока зараз занесена ў спіс уразлівых паводле крытэрыяў МЗАП.

Узаемадзеянне з людзьмі[правіць | правіць зыходнік]

Квокі мала баяцца людзей і звычайна блізка падыходзяць, асабліва на востраве Ротнэст, дзе квок шмат. Хоць квокі прыязныя, штогод адбываецца некалькі дзясяткаў выпадкаў, калі квокі кусаюць людзей, асабліва дзяцей. Ёсць абмежаванні па кармленні. Людзям забаронена кантактаваць з квокамі, а таксама настойліва не раіцца кармленне, асабліва «чалавечай ежай», бо квокі ад яго могуць лёгка захварэць. Штраф у памеры 300 аўстралійскіх долараў, можа быць накладзены ўладамі вострава Ротнэст за такія парушэні. Максімальная кара за жорсткае абыходжанне з жывёламі 50 000 аўстралійскіх долараў і пяцігадовае турэмнае зняволенне. Апроч абмежаванняў на ўзаемадзеянне людзей з квокамі, яны былі пратэставаны на патэнцыйную небяспеку для людзей праз высокі ўзровень заражэння сальманелай, асабліва ў летнюю спякоту. Гэта было даказана навукоўцамі, якія ўзялі аналізы крыві ў дзікіх квок на востраве Ротнэст.

Квокі таксама можна ўбачыць у некалькіх заапарках і парках дзікай прыроды па ўсёй Аўстраліі, уключаючы заапарк Перта, заапарк Таронга, заапарк Wild Life Sydney і заапарк Адэлаіды. Фізічнае ўзаемадзеянне, звычайна, не дапускаецца без дазволу кантрольнага персаналу.

Паводзіны квокі ў адказ на ўзаемадзеянне з чалавекам былі даследаваны ва ўмовах заапарка. Адно кароткае даследаванне паказала, што менш жывёл заставалася бачным з дарожак для наведнікаў, калі вальера была адкрытай ці прахадной. Магчыма, гэта адбылося з-за таго, што квокі набылі паводзіны ўнікнення наведнікаў, што, на думку аўтараў, мае значэнне для кіравання стрэсам пры іх паказе публіцы.

Мужчына робіць сэлфі з квокай

Сэлфі з квокай[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне 2010-х квокі займелі ў Інтэрнэце рэпутацыю «найшчаслівейшых жывёл у свеце» і сімвалаў пазітыва, дзякуючы сваім усмешкам. Шмат якія фатаграфіі ўсмешлівых квок з той пары сталі віруснымі, а «сэлфі квокі» стала папулярнай тэндэнцыяй у сацыяльных сетках з такімі славутасцямі як Крыс Хэмсварт, Шон Мэндэс, Марго Робі, Роджэр Федэрар і Кім Донх’юк з iKON. Колькасць турыстаў на востраў Ротнэст пасля гэтага павялічылася.

Зноскі

  1. Integrated Taxonomic Information System — 1998. Праверана 19 верасня 2013.
  2. Mammal Species of the World: A Taxonomic and Geographic Reference / D. E. Wilson, D. M. Reeder — 3 — Baltimore: JHU Press, 2005. — 35, 2142 p. — ISBN 978-0-8018-8221-0 Праверана 18 верасня 2015.