Койданаўскі бой (1812)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Койданаўскі бой — адбыўся пад м. Койданавам Мінскай губерні Расійскай імперыі на дарозе Нясвіж — Мінск паміж расійскім корпусам К. В. Ламберта і французскім атрадам Ф. К. Касецкага 3 (15) лістапада 1812 году ў вайну рускіх з французамі.

У кастрычніку 1812 г. 32-тысячная расійская Дунайская армія на чале з адміралам П. В. Чычагавым, наступаючы з поўдня, заняла Брэст. Авангард Дунайскай арміі знаходзіўся ля Слоніма. Калі Чычагаў даведаўся пра адступленне Напалеона з Масквы, 7 (19) кастрычніка 1812 г. рушыў са Слоніма, каб пераняць французскія войскі на р. Бярэзіне.

Камандуючы авангардам 3-й Заходняй расійскай арміі Ламберт 30 кастрычніка (11 лістапада) накіраваў атрад палкоўніка К. Б. Кнорынга да Нясвіжа, а сам з галоўнымі сіламі 1 (13) лістапада выбіў часці генерала Касецкага з Новага Свержаня, сярод якіх быў і 22 пяхотны полк пад камандваннем Станіслава Чапскага. Французскі губернатар Мінска М. Опельн-Бранікоўскі  (польск.) прыдаў Касецкаму з Мінскага гарнізону 5 тыс. чал. і 2 гарматы і загадаў адкінуць расійскія войскі ад Нясвіжу.

Касецкі адступіў да Койданава, дзе 3 (15) лістапада адбылася галоўная бітва. Рускія акружылі мясцовы рэкруцкі полк на чале з графам Чапскім і ўзялі ў палон. Французы адбілі некалькі атак, але пад націскам намнога большых расійскіх войскаў пачалі адступаць у напрамку Мінску, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі пад Койданавам страціў каля 3 тыс. чал. палоннымі, а за 2 дні (1 і 3 лістапада) больш за 1 тыс. чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі.

Разам з Касецкім у Мінск прарваліся паводле адных звестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку Койданаўскага бою быў адкрыты шлях 3-й Заходняй арміі П. В. Чычагава на Мінск і Барысаў.

Пасля страты 4 (16) лістапада Мінска, у якім знаходзіліся значныя запасы харчавання, амуніцыі і боепрыпасаў, Напалеон вымушаны быў адступаць па дарозе на Вільню.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 3. СПб. 1860. С. 219—225.
  • Краснянский В. Г. Минский департамент Великого княжества Литовского (эпизод из истории войны 1812 г.). СПб. 1902.
  • Михайловский-Данилевский А Н. Описание Отечественной войны в 1812 г. Ч. 1. СПб. 1839.
  • Койданаўская бітва 1812. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VI. Мінск. 1972. С. 49.
  • Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 224.
  • Бекцінееў Ш. І. Койданаўскі бой 1812. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 8. Мінск. 1999. С. 378.
  • Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 86-87.