Палявы свірстун, конік палявы (Anthus campestris) — від птушак з сямейства сітаўкавых.
Даўжыня цела 16,5 см, хваста 7 см, размах крылаў 25-28 см, маса 20-27 г. Апярэнне спіны самца ў шлюбным уборы пясочнае або ружавата-шэрае з цёмнымі стракацінамі, найбольш выразнымі на цемі і ў верхняй частцы спіны. Горла і брушка белаватыя. Бровы шырокія, вохрыста-белыя. Ніз цела крэмавы, грудзі рыжаватыя без плямак, па баках грудзей падоўжаныя бурыя расплыўчатыя стракаціны. Самка святлейшая за самца. Ногі жоўтыя, кіпцюр задняга пальца кароткі. Маладыя могуць быць знізу цела ў цёмныя плямкі.
Спявае ў палёце (у выключных выпадках на зямлі). Голас — адрывістае «тві» або «дві», зрэдку «цюрлі». Пры такаванні выкрыквае «цер-дзі, цер-дзі, цер-дзі», штуршкамі крута падымаецца на вышыню 30-40 м, часта апускаецца на вялікія камяні, слупы, агароджы.
Гнездавы арэал: Еўропа (акрамя Вялікабрытаніі), Малая Азія, Каўказ, Блізкі Усход, Заходняя і Цэнтральная Азія (да цэнтральнай часткі Кітая і на поўдзень да паўднёвай часткі ірана і Тыбета), Паўночна-Заходняя Афрыка.
Насяляе сухія, добра праграваныя сонцам адкрытыя тэрыторыі з рэдкай і нізкай расліннасцю, пясчаныя дзюны, паляны, высечкі і лясныя плантацыі на сухіх пясках, пясчаныя берагі азёрі рэк, паблізу ўскрайкаў сухіх бароў на пясчаных глебах, сухія даліны рэк, камяністыя паверхні, узбочыны дарог, вінаграднікі, сухія схілы пагоркаў. У Арменіі даходзіць да 2600 м, у іспаніі — 2000 м, у Афрыцы (Атлас) — 2400 м (і нават вышэй за 3000 м) вышэй узроўня мора. У гарах жыве на пашах ці сухіх схілах.
Пералётны, месца зімовак: Паўднёвая Азія (на захадзе, пачынаючы ад дэльты Ганга), Аравійскі паўвостраў, Турцыя, Блізкі Усход, Егіпет, Паўднёвая Афрыка на поўдзень ад Сахары. На Беларусі адносна рэдкі, спарадычны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Корміцца насякомымі, наземнымі малюскамі. Вельмі асцярожны, пры небяспецы хутка ўцякае.
Гняздо ладзіць на зямлі ў невялікай ямцы пад прыкрыццём травяністай расліннасці, камянёў і інш., з сухіх траў і каранёў з прымессю моху, валосся і шэрсці, дыяметр 10-14 см.
Яйкі (4-5, радзей 3-6) асіметрычныя, з завостраным вузейшым канцом, белыя з шараватым, жаўтаватым, карычняватым або зеленаватым адценнем. Плямкі даволі густыя, карычневыя, карычнева-шэрыя або аліўкавыя (паверхневыя выразна больш цёмныя). Памеры: 21 х 16 мм. Наседжванне 13-14 сутак, птушаняты знаходзяцца ў гняздзе каля 2 тыдняў.
- A. c. campestris — ад Марока і Партугалii праз Еўропу (акрамя поўначы), Малую Азію, Блізкі Усход i Сібір да Краснаярска i паўночнага захаду Манголii;
- A. c. griseus — Цэнтральная i Паўднёвая Азiя на поўдні да Афганiстана i Iрана;
- A. c. kastschenkoi — ад Заходняй Сiбiры да паўночнай часткі Iндыi.