Кошыцкія мучанікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Святыя кошыцкія мучанікі

Ко́шыцкія мучанікі (Марак Крыжын, Штэфан Понграц, Мельхіёр Градзецкі) — тры каталіцкія місіянеры, замардаваныя 7 верасня 1619 года ў Кошыцах падчас антыгабсбургскага паўстання Габрыэля Бетлена.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Падчас антыгабсбургскіх паўстанняў у Венгрыі ў Кошыцах дзейнічалі тры місіянеры з намерам рэкаталізаваць насельніцтва горада, якое ў выніку Рэфармацыі было пераважна пратэстанцкім.

Штэфан Понграц і Мельхіёр Градзецкі былі езуітамі, і Марак Крыжын быў эстэргамскім канонікам, пасланым архібіскупам у Красную над Горнадам (цяпер у складзе Кошыцаў), каб там загадваць уласнасцю былога бенедыкцінскага абацтва.

У перыяд антыгабсбургскіх паўстанняў (16041711) каралеўскія гарады часта пераходзілі на бок паўстанцаў. Калі ўвосень 1619 года паўстанцкія войскі аблажылі Кошыцы, у месце распачаўся пераслед каталікоў. Уночы з 6 на 7 верасня 1619 траіх кошыцкіх місіянераў схапілі і асудзілі на смерць. Каноніка замардавалі адразу, езуітаў вырашылі катаваннем змусіць выракчыся каталіцкай веры. Пасля таго, як абодва адмовіліся зрабіць гэта, ім адрубілі галовы. Іх мёртвыя целы дзеля застрашэння астатніх каталікоў у горадзе кінулі ў сцёкавы канал.

Такі ўчынак абурыў нават мясцовых пратэстантаў. Нарэшце мясцовы кат уночы таемна пахаваў мёртвых святароў. На месцы забойства кошыцкіх мучанікаў цяпер знаходзіцца касцёл прэманстрантаў, пабудаваны ў іх гонар езуітамі.

У 1620 годзе жонка венгерскага палаціна Пальфа, Катарына Форгачава, выявіла рэшткі мучанікаў. Іх перапахавалі спачатку ў яе ўладаннях у Ніжняй Шэбаставай (цяпер у складзе Прэшава) і ў Гертніку. У 1635 на запыт кардынала Петра Пазманя іх перавезлі ў Трнаву, дзе паклалі ў касцёле кларысак. У цяперашні час іх рэшткі падзялілі між уршулінскім касцёлам Св. Ганны і езуіцкім касцёла Найсвяцейшай Тройцы.

Працэс беатыфікацыі кошыцкіх мучанікаў распачаўся неўзабаве па іх гібелі, урэшце гэта здзейсніў Папа Рымскі Пій X 15 студзеня 1905. 2 ліпеня 1995 Папа Ян Павел II абвясціў траіх кошыцкіх мучанікаў святымі. Успамін паводле календара рымска-каталіцкай царквы — 7 верасня.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]