Крывавая нядзеля (1939)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Салдаты Вермахта і журналісты побач з нямецкімі ахвярамі Крывавай нядзелі. Фота было выкарыстана нацысцкай прэсай і мае прызнакі мантажу, паказваючы толькі частку выявы, прызначаную для публікацыі.

Крыва́вая нядзе́ля (ням.: Bromberger Blutsonntag; польск.: Krwawa niedziela) — назва, дадзеная нацысцкай прапагандай падзеям у Быдгашчы (ням.: Bromberg), польскім горадзе са значнай нямецкай меншасцю, паміж 3 і 4 верасня 1939, неўзабаве па нямецкім уварванні ў Польшчу.

Падзеі пачаліся атакай нямецкіх снайпераў па адыходзячых польскіх войсках, наступнага польскага адказу і, урэшце, забойства ў адплату польскіх закладнікаў Вермахтам і Selbstschutz-ам пасля ўзяцця Быдгашчы. У выніку гэтых падзей загінула як нямецкае, так і польскае грамадзянскае насельніцтва. Польскі Інстытут нацыянальнай памяці паведамляе пра 254 непасрэдныя ахвяры лютэранскага вызнання (лічацца ахвярамі з нямецкага боку), 86 непасрэдных ахвяр каталіцкага вызнання (лічацца польскай нацыянальнасці) і 20 забітых польскіх салдат. Каля 600—800 палякаў-закладнікаў былі масава расстраляныя пасля падзення горада.

У выніку аперацыі «Таненберг» пасля захопу Быдгашчы немцы забілі ад 1200 да 3000 грамадзян польскай і яўрэйскай нацыянальнасці. Месца знішчэння стала вядомае пад назвай Даліны смерці. Сярод забітых быў і прэзідэнт Быдгашчы Леан Барцішэўскі. Пяцьдзясят польскіх ваеннапалонных з Быдгашчы пазней былі ілжыва абвінавачаныя нацысцкім дысцыплінарным судом Sondergericht Bromberg ва ўдзеле ў «Крывавай нядзелі» і расстраляныя.

Тэрмін «Крывавая нядзеля» быў прыдуманы і распаўсюджаны нацысцкай прапагандай. Інструкцыя для прэсы казала: «…неабходна паказаць навіны пра варварства палякаў у Бромбергу. Выраз „Крывавая нядзеля“ мусіць увайсці пастаянным тэрмінам у слоўнікі і абысці свет. Дзеля гэтага трэба ўвесь час падкрэсліваць гэты тэрмін».[1]

Зноскі

  1. A. K. Kunert, Z. Walkowski, Kronika kampanii wrześniowej 1939, Wydawnictwo Edipresse Polska, Warszawa 2005, ISBN 83-60160-99-6, p. 35.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]