Царавец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Крэпасць Царавец)

Крэпасць Ца́равец — крэпасць у Вяліка Тырнаве, якая была галоўнай балгарскай крэпасцю ў часы Другога Балгарскага царства (1185—1393), калі горад быў яго сталіцай. Размешчана недалёка ад цэнтра горада на аднайменным узгорку ў старой частцы горада.

Крэпасць Царавец

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карта сярэднявечнага Тырнаўграда

Узгорак быў заселеным яшчэ ў III тыс. да н.э. У VVII ст. н.э. тут знаходзіўся найбуйнейшы горад Візантыйскай імперыі ў правінцыі Ніжняя Мёзія — Зікідэва.

У IX ст. на гэтым месцы ўзнікла старажытнабалгарскае паселішча, якое хутка разраслося. Будаўніцтва крапасной сцяны, якая захавалася да нашых дзён, было распачата ў XII стагоддзі.

У 1185 годзе пасля абвяшчэння Тырнава сталіцай Другога Балгарскага царства Царавец ператварыўся ў яго галоўную апору. Больш за дзвесце гадоў у гэтым горадзе кіпела палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё, што ператварыла яго ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў на паўднёвым усходзе Еўропе, а крэпасць — у найбольш важную для Балгарыі. Сярод валадароў, якія кіравалі дзяржавай з Цараўца, значацца імёны цароў Асеня І, Пятра IV, Калаяна, Івана Асеня II, Івана Аляксандра, Івана Шышмана.

У 1393 годзе асманскія войскі аблажылі крэпасць. Пад націскам пераўзыходзячых сілаў праціўніка крэпасць, нягледзячы на гераічнае супраціўленне яе абаронцаў на працягу трох месяцаў, пала. Падзенне Цараўца адзначыла канец Балгарыі як незалежнай дзяржавы на карце сярэднявечнай Еўропы, былая царская рэзідэнцыя за часы асманскага валадарства прыйшла ў заняпад.

У 1930 годзе была распачата рэстаўрацыя крэпасці Царавец, якая скончылася ў 1981 г., калі адзначалася 1300-годдзе прызнання Візантыяй новай балгарскай дзяржавы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Заходняя крапасная сцяна
Балдуінава вежа

Крапасная сцяна, будаўніцтва якой было распачата ў XII стагоддзі, мае ў даўжыню 1100 м, шырыня месцамі дасягае 3,40 м і вышыня — больш за 10 м. Крэпасць мела тры ўваходы, якія можна ўбачыць і сёння. Галоўны ўваход, які абараняецца вежамі, размешчаны з захаду. Другі, т.зв. Малая брама (Асенава) знаходзіцца на паўночна-заходняй крапасной сцяне. Трэці ўваход, або Фрэнкхісарская брама, быў зроблены ў паўднёва-ўсходнім частцы крэпасці і меў адну баявую вежу, якая называлася Балдуінавай па імі лацінскага імператара Балдуіна I Фландрскага, палоненага балгарскім царом Калаянам у бітве пад Адрыянопалем ў 1205 г. Легенда кажа, што пасля бітвы Балдуіна быў пасаджаны ў гэту вежу, дзе ён пазней і сканаў.

Патрыяршая царква

На самай вяршыні Цараўца, над палацавым комплексам узвышаўся патрыяршы палац (3000 кв.м.) У яго склад уваходзілі дом самога балгарскага патрыярха, царква Св. Узнясення Гасподняя, званіца, мноства гаспадарчых і адміністрацыйных пабудоў. Патрыяршы комплекс на вяршыні ўзгорка быў сімвалам велічы царквы і рэлігійнай самастойнасці Балгарыі. Патрыяршая царква была адноўлена ў 1981 г. Яна ўражвае сваімі памерамі і архітэктурнымі якасцямі, а таксама роспісамі, якія малююць узыход і гібель Другога Балгарскага царства.

Ніжэй, у цэнтральнай частцы крэпасці, размешчаны Палацавы комплекс, які складаецца з некалькіх пабудоў, абнесеных унутранай каменнай сцяной, з дзвюма баявымі вежамі і двума ўваходамі. Уключае Тронную і Палацавую залы і царскія пакоі. У склад палацавага комплексу ўваходзілі таксама царква Святога Петкі, жылыя і гаспадарчыя будынкі, вадасховішча і памяшканні для вартаўнікоў.

Падчас раскопак на Цараўцы былі знойдзены падмуркі 470 жылых будынкаў, заезнага двара, дамоў арыстакратыі, 23 храмаў і 4 гарадскіх манастыроў. Выяўлены ўнікальныя часткі залататканай адзежы і залатых упрыгожванняў перыяду Другога Балгарскага царства.

У самым паўночным канцы Цараўца ў раку Янтра ўдаецца своеасаблівы мыс, вядомы як Лобная скала. У XI—XIV стст. з яе ў раку скідвалі здраднікаў дзяржавы, а ў XVI ст. на гэтым месцы быў пабудаваны манастыр.

Гук і святло[правіць | правіць зыходнік]

Аўдыё-візуальны спектакль «Гук і святло»

Неверагоднай забавай з’яўляецца аўдыё-візуальны спектакль «Гук і святло», які пры ўдзеле сотняў каляровых пражэктараў і лямпаў, музыкі, перазвону званоў і лазераў аднаўляе моманты балгарскай гісторыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]