Кузьмічы (археалагічны помнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кузьмічы — археалагічны помнік: паселішча неаліту і бронзавага веку за 2—2,5 км на паўночны захад ад в. Кузьмічы (Любанскі раён, Мінская вобласць). Адкрыў М. М. Крывальцэвіч у 1981 г. Сляды паселішча знойдзены на пясчаным усходнім і паўднёва-ўсходнім берагах воз. Кузьміцкае (паселішча-1А). Насупраць узвышшаў паўднёва-ўсходняга берага, на дне возера знаходзіцца культурны пласт неалітычнага часу (паселішча-1Б). У межах верхняга паселішча-1А ў канцы 1980—1990-х г. М. М. Крывальцэвічам праводзіліся паверхневыя зборы.

Знойдзены фрагменты керамікі і крамянёвыя вырабы днепра-данецкай культуры, кола культуры шнуравой керамікі. На паселішчы-1Б у 19992002 гг. даследавана 130 м². Культурныя рэшткі былі перакрыты гумусаванымі алювіяльнымі адкладамі і залягалі ў донным аргана-мінеральным, чорнага колеру пласце з глыбінёй 0,15—0,2 м ад паверхні дна. Культурныя рэшткі прасочваліся да глыбіні 0,4—0,45 м, да таго ўзроўню, дзе пачынаўся торф бурага колеру. Культурны пласт насычаны драўлянымі рэшткамі, у т.л. са слядамі выкарыстання і апрацоўкі. Многія з іх захаваліся ў асмаленым выглядзе. На асобных участках раскопаў прасочвалася сістэмнасць у іх размяшчэнні: адзначалася нагрувашчванне бярвёнаў і кіёў, якія маглі бьшь рэшткамі пабудовы. Знойдзена каля 4 тыс. фрагментаў неалітычнага посуду 3-га ці 4-га этапу ўсходне-палескага варыянта днепра-данецкай культуры. Таксама вылучаецца невялікая колькасць танкасценнай керамікі з шамотавымі дамешкамі і слядамі зацірання паверхні, традыцыі кола культуры шнуравой керамікі. Да неалітычнага комплексу належаць таксама вырабы з косці і рога: запаліраваная падвеска акруглай формы з адтулінай для падвешвання, амулет з ікла дзіка, рог тура з папярочнымі надрэзамі і прабітай адтулінай, абломкі востраканечнікаў і інш. Выяўлена няшмат вырабаў з крэменю. Астэалагічны матэрыял даследаваўся А. А. Разлуцкай (млекакормячыя), В. А. Бахаравым (чарапаха), Э. А. Ляшкевіч (рыбы), Е. Н. Курачкіным і Н. В. Зелянковым (птушкі). Суадносіны дзікіх і хатніх жывёл адпаведна 78 % і 22 %.

Культурны пласт помніка паселішча-1Б фарміраваўся ў неаліце з 2-й паловы IV-га да канца III-га тыс. да н.э. На месцы верхняга паселішча-1А рассяленне працягвалася ў II-м тыс. да н.э. Верагодна, што Кузьмічы былі месцам лакалізацыі часовых паселішчаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кривальцевич, Н. Н., Разлуцкая, А. А., Бахарев, В. А. Некоторые результаты археозоологических исследований на неолитическом поселении Кузьмичи 1 (Предполесье Беларуси) // Человек, адаптация, культура. — М.: Изд-во РАН, 2008. — С. 147—161.
  • Крывальцэвіч, М. М. Даследаванне помнікаў неаліту і эпохі бронзы на Палессі / М. М. Крывальцэвіч // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2003. — № 18. — С. 259—260
  • Крывальцэвіч, М. М. Кузьмічы / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 479—481. — ISBN 978-985-11-0353-5.