Куфар

Куфар (фр.: Coffre) — выраб корпуснай мэблі з адкідной ці здымнай верхняй накрыўкай.
Змест
Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]
Паходзіць ад лац.: corphinus, утворанага ад грэч.: κόφινος — карзіна, кош.
Рускі адпаведнік — сундук — ад цюркск. сандук, сандык — скрынка, верагодна ад грэч.: συνδοχεῖον.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Выкарыстоўваецца ў розных культурах, пачынаючы з самых старажытных часоў. У перыяд ранняга сярэднявечча часта быў асноўным і універсальным прадметам мэблі. Мог выконваць ролю стала, стула, ложка і непасрэдна ёмістасці для адзення, прадметаў хатняга побыту, каштоўнасцей. З'яўляецца папярэднікам і правобразам шафы, пастаўлены вертыкальна стаў мець дзве дзверцы, шуфлядкі.
Дзякуючы кансерватыўнай і практычнай народнай культуры захаваліся да нашых дзён тыпы куфраў старажытных архаічных канструкцый.
Прызначэнне[правіць | правіць зыходнік]
Выкарыстоўваецца для захоўвання адзення, іншых прадметаў хатняга ўжытку, а таксама прадуктаў харчавання (зерня, сала, інш.)
Куфар у беларускай традыцыі[правіць | правіць зыходнік]
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Да канца ХІХ ст. у беларускіх вёсках замест куфара ужываўся кубел (драўляны выраб цыліндрычнай формы). Цікава, што людзі, якія везлі нявесцін ккфар у час вяселля, нават у пазнейшыя часы зваліся «кубельнікамі».
У пачатку ХХ ст. сяляне сталі вырабляць куфары з прыгожай размалёўкай расліннага характару (кветкі, лісткі). У Заходнім Палессі (Драгічынскі, Іванаўскі раёны) былі пашыраны сакавітыя малюнкі у выглядзе гірляндаў кветак, букетаў. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. На захадзе Віцебшчыны і на Гродзеншчыне было распаўсюджана «цакаванне» — нанясенне ўзораў на афарбаваны куфар з дапамогай штампікаў з рэцы і бульбы. Самі куфары найчасцей рабілі з сасновых ці яловых дошак, ставілі на фігурныя ножкі.
Найбольшай прыгажосцю вызначаліся агоўскія куфры, якія выраблялі народныя майстры з вёскі Агова.
У сучаснай беларускай вёсцы куфар страціў сваё прызначэнне. З 1950-х гг. вытворчасць куфараў практычна спынілася.
Павер'і, традыцыі[правіць | правіць зыходнік]
У беларускай народнай культуры куфар быў практычна культавым, магічным аб'ектам. Кожная нявеста захоўвала ў ім свой пасаг і іншыя каштоўнасці. Кубельнікі (сват ці брат нявесты) везлі куфар на вясельным возе, і ім загадвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярыні, ні маладой гаспадыні». Жаніх павінны быў «выкупіць» куфар («Скрыня сакоча. // Чаго яга хоча? // Паўтара залатога // ад князя маладога»). Часам трэба было выкупляць куфар некалькі разоў: калі яго выносілі з каморы, калі неслі ў хату жаніха, калі здымалі з воза. Куфар таксама прысутнічаў у вясельных абрадах засмальвання касы.
Калі ў жанчыны былі цяжкія роды, то сваякі адчынялі ўсе куфары ў хаце — лічылася, што гэта аблегчыць роды.
Куфар часта сустракаецца ў казках і паданнях:
- у падзямеллі (ці ў лесе) прыгожая дзяўчына сядзіць на куфары і расчэсвае валасы;
- сабакі ахоўваюць куфар на ланцугах;
- паводле падання, у святым гаі блізу вёскі Цераховічы з'яўляецца куфар з грашыма, які сцерагуць сабакі;
- паводле паданняў, на некаторых курганах апоўначы з'яўляецца вялікі куфар з багаццем;
- ёсць шмат паданняў пра куфары з золатам у кургане, у гарадзішчы, затопленыя ў возеры.