Лаба (прыток Кубані)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Лаба — рака ў Краснадарскім краі Расіі, левы прыток ракі Кубань. Утвараецца зліццём Вялікай і Малой Лабы, якія бяруць пачатак з ледавікоў на паўночным схіле Галоўнага хрыбта Вялікага Каўказа. Даўжыня (разам з Вялікай Лабай) 347 км, уласна Лабы — 214 км, плошча басейна 12,5 тыс. км². У верхнім цячэнні — бурная рака, цячэ ў глыбокай цясніне, у ніжнім — берагі спадзістыя. Жыўленне змяшанае (снегавое, ледавіковае і дажджавое). Сярэдні расход вады каля вусця 95,7 м³/сек. Замярзае (не кожны год) у канцы снежня, ускрываецца ў канцы лютага — пачатку сакавіка. Галоўныя прытокі: справа — Чамлык, злева — Фарс. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Лабе — г. Лабінск, каля вусця Лабы, на правым беразе Кубані, — г. Усць-Лабінск.