Легорн
Легорн — асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 стагоддзі скрыжаваннем італьянскіх белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцоўскімі і іншымі пародамі, у 1852 годзе завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьянскага горада Ліворна. Разнавіднасці легорна адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.
Сярэдняя маса пеўняў 2,5-2,7, курэй 1,8-2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5-5 месяцаў. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць. На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вялася на Беларускай занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі раён) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі раён).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).