Лех, Чэх і Рус
Лех, Чэх, Рус — паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, старажытныя славянскія князі, браты.
Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэрыторыя Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэшскіх хронік (найбольш раннія — XIV ст.). Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — Гнезна (значыць «гняздо») у Вялікай Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася старажытная назва палякаў — ляхі.
Чэх упершыню ўзгадваецца ў хроніцы Космача (пач. ХІІ ст.), пазней у хроніках XIV ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на захадзе, поўдні і ўсходзе ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Я. Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы.
У міфе пра Леха, Чэха і Руса адлюстравалася адзінства паходжання славянскіх народаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лех, Чэх, Рус // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 226.
- «Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат. М., 1987.