Людвіка Мацвееўна Ямант

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Людвіка Ямант
Ludwika Jamant.jpg
Людвіка Ямант
 
Веравызнанне: рымска-каталічка
Нараджэнне: 1833(1833)
Вільня, Расійская імперыя
Смерць: 1914(1914)
Вільня, Расійская імперыя
Род: Яманты
Бацька: Тадэвуш Ямант

Людві́ка Я́мант (1833, Вільня — 1914, Вільня) — удзельніца паўстання 1863—1864 гадоў, мемуарыстка. Сястра Марыі Ямант і Юзафа Яманта.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Вільні ў сям'і надворнага саветніка Тадэвуша Яманта і Схаластыкі з Макрыцкіх. Мела чатырох братоў і трох сясцёр. Атрымала добрае хатняе выхаванне, закончыла прыватны пансіён[1]. Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні, які актыўна супрацоўнічаў з рэвалюцыйнай падпольнай арганізацыяй[2]. Яны захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, нарыхтоўвалі правіянт і зброю для будучых паўстанцаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту і клапаціліся аб паўстанцах, якія трапілі ў палон.

Захаваліся звесткі, што Людвіка Ямант за спяванне забароненых патрыятычных песняў заплаціла 30 рублёў штрафу[3].

У сярэдзіне 1850-х выйшла замуж за Людвіка Радзевіча, пазней жылі асобна ад бацькоў у віленскім доме. У 1865 годзе за ўдзел у паўстанні сям'я Радзевіча была саслана ў Разанскую губерню. Пасля ссылкі, калі Радзевічы жылі ўжо ў Варшаве, памёр яе муж і Людвіка выхоўвала дзяцей адна[1].

З чэрвеня 1863 года на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы[4] ў Вільні знаходзілася адна з галоўных канспіратыўных явак Канстанціна Каліноўскага[1] і нелегальная друкарня[5], дзе абавязкі сакратара выконваў яе брат — Юзаф Ямант.

У глыбокай старасці напісала ўласныя мемуары «Горсць успамінаў пра 63 год» (польск.: Garść wspomnień z 63 roku). Пасля смерці Людвікі некалькі тоўстых сшыткаў яе рукапісных успамінаў, абкладзеныя жоўтай паперай і аздобленыя здымкамі блізкіх і знаёмых людзей, доўгі час зберагаліся ў прыватных бібліятэках сваякоў і напачатку 1950-х гадоў былі набыты бібліятэкай імя Асалінскіх ва Уроцлаве ў сваякоў Людвікі[1]. Менавіта ва ўспамінах Людвікі Ямант сцвярджаецца пра той факт, што яе сястра Марыя Ямант была нарачонай Канстанціна Каліноўскага[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 70.
  2. Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 73.
  3. Bruchnalska M. Ciche bohaterki. Udział kobiet w powstaniu styczniowym., Materialy. — Miejsce Piastowe, 1934. — С. 31.
  4. Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 68.
  5. Леанід Маракоў. Радзевіч [Ямант] Людвіка // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991.. — Мн, 2003. — Т. II. — ISBN 985-6374-04-9.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Ludwika z Jamontów Radziewiczowa. Garść wspomnień z 63 roku. Rękopis w Bibliotece Zakladu Narodowego imienia Ossolińskich we Wroclawiu, sygnatura 12 273/I