Люцыян Хвецька

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Люцыян Хвецька
Дата нараджэння 22 лістапада 1889(1889-11-22)
Месца нараджэння
Дата смерці 28 красавіка 1944(1944-04-28) (54 гады)
Месца смерці
Альма-матар

Люцыян Хвецька (22 лістапада 1889 в. Малышоўка, Сакольскі павет, Гродзенская губерня28 красавіка 1944, Стоўбцы) — рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст, выдавец, каталіцкі святар; адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў народнай школе ў Дамброве, пасля скончыў Сакольскае гарадское 3-класнае вучылішча (1904). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907 паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у жніўні 1911. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі і скончыў яе ў 1915 са ступенню магістра тэалогіі.

Сябра беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Супрацоўнічаў з віленскім каталіцкім тыднёвікам «Bielarus» (1913-14) і петраградскім часопісам «Светач» (1916), у якім пад псеўданімам Л. Малышэвіч змяшчаў папулярныя артыкулы. Адзін з заснавальнікаў першай беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец газеты «Krynica». Заснавальнік беларускай каталіцкай выдавецкай суполкі.

Пасвячоны ў святары 31.5.1915 біскупам Я. Цеплякам. Выконваючы душпастырскія абавязкі, служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. Да 1918 — у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі. Пэўны час працаваў у семінарыі аканомам. Пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі прызначаны адміністратарам Пецярбургскага пракафедральнага касцёла. У мемарандуме беларускіх сеймавых паслоў-католікаў папу рымскаму ад 15.3.1923 быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 10.3.1923. Праходзіў па справе біскупа Я. Цепляка і групы петраградскіх святароў, асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. У выніку польска-савецкага абмену палітычных вязняў 1.2.1925 быў датэрмінова вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу.

У 1925-26 выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 1920-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Э. Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920-31). Займаўся між іншым унійнай працай сярод праваслаўных. З 1932 пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзе займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. У 1933-39 скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады.

З верасня 1939 служыў у Касцёле Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Хатаве (зараз Стаўбцоўскі раён). Тут падчас нямецкай акупацыі ён стаў аб'ектам нападаў і пабояў мясцовых рабаўнікоў, якія называлі сябе партызанамі. У лютым 1944 падчас аднаго з такіх нападаў ксёндз Люцыян Хвецька ўцёк з плябаніі ў бялізне і босы, моцна застудзіўся, захварэў і неўзабаве памёр у стаўбцоўскім шпіталі.[1]

Пахаваны пры Хотаўскім касцёле.

Зноскі

  1. Туронак (2004)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. - Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  • Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Туронак Ю. Люцыян Хвецька // Наша вера. 2004. №4.