Ліквацыя
Ліква́цыя ў геалогіі (лац.: liquatio разрэджванне, плаўленне) — раздзяленне магматычнага расплаву на дзве вадкасці, якія не змешваюцца ніжэй за пэўную тэмпературу.
Напрыклад, сульфіды FeS2, NiS, ZnS і інш. могуць растварацца ў сілікатным расплаве пры тэмпературы больш за 1500 °C. Пры паніжэнні тэмпературы да 1170 °C адбываецца ліквацыя магмы. Сульфідны расплаў, кампаненты якога маюць меншую тэмпературу плаўлення, крышталізуюцца пазней. У працэсе ліквацыйнай дыферэнцыяцыі магмы ў глыбінных і блізпаверхневых умовах утвараюцца ліквацыйныя радовішчы, найбольш важныя з якіх сульфідныя медна-нікелевыя і плацінавыя, прымеркаваныя да магматычных комплексаў асноўнага і ультраасноўнага саставу.
У Беларусі існуе комплекс асноўных і ультраасноўных парод крышталёвага фундаменту, які лічыцца перспектыўным на выяўленне ліквацыйных радовішчаў.
Ліква́цыя ў металургіі: неаднароднасць хімічнага саставу (структуры) зацвярдзелых сплаваў.
Узнікае з-за рознасці тэмператур крышталізацыі фазаў, што ўваходзяць у састаў сплаву. Адрозніваюць мікраскапічную (міжкрышталічную і дэндрытную — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і макраскапічную (ліквацыю занальную і ліквацыю па ўдзельнай сіле цяжару). Выклікае неаднароднасць механічных і фізічных уласцівасцяў і пагаршае якасць зліткаў. Каб паменшыць ліквацыю, расплаў перад разліўкай інтэнсіўна перамешваюць, выкарыстоўваюць спецыяльныя спосабы ліцця, робяць гамагенізацыю зліткаў (доўгую вытрымку пры высокай тэмпературы).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чарняхоўскі А. Б. Ліквацыя [у геалогіі] // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 6. Кішынёў — Манцэвічы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1972. — 624 с.: іл., карты.