Маслякі́ (Suillus ) — род шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства балетавых.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая, з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.
Адрозніваецца каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі , Амерыцы , Аўстраліі ; на Беларусі 5 відаў: масляк балотны (Suillus flavidus ), масляк летні, або зярністы (Suillus granulatus ), масляк лістоўнічны (Suillus grevillei ), масляк позні (Suillus luteus ) і масляк шэры (Suillus aeruginascens ). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з'яўляюцца з мая па кастрычнік.
Колас С. Маслякі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).