Перайсці да зместу

Матацыклетны спорт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Матагонка

Матацыклетны спорт — спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхнічных відаў спорту.

Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўжынёй 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўжынёй 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да матацыклетнага спорту адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне.

Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 годзе (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 годзе ў Вялікабрытаніі, там жа ў 1913 годзе — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 годзе ў Паўднёвай Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. 3 пачатку 1920-х гадоў арганізаваны іпадромныя і з 1930-х гадоў — трэкавыя гонкі на лёдзе.

Міжнародная федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904 годзе. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).